СМІ: Ключавой крыніцай "антытрампаўскага дасье" быў ураджэнец Беларусі
Ключавой крыніцай "антытрампаўскага дасье" быў грамадзянін ЗША беларускага паходжання. 38-гадовы Сяргей Міліян (пры нараджэнні Сяргей Кукуць) — прэзідэнт Расійска-амерыканскай гандлёвай палаты ў Злучаных Штатах, ён нарадзіўся ў 1978 годзе ў Шаркоўшчыне ў Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміла амерыканская газета The Wall Street Journal са спасылкай на "асобу, дасведчаную ў сітуацыі".
Паводле выдання, меркаванаму аўтару дасье аб непацверджаных сувязях прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Расіяй, былому супрацоўніку брытанскіх спецслужбаў Крыстафэру Стылу перадавалі словы Сяргея Міліяна праз як найменш аднаго пасярэдніка. Пры гэтым, піша газета, Міліян мог не ведаць, што дзеліцца інфармацыяй з чалавекам, які звязаны з былым супрацоўнікам брытанскай спецслужбы. Да нядаўняга часу у сваіх інтэрв'ю Міліян казаў пра свае блізкія кантакты з цяперашнім прэзідэнтам ЗША, інфармуе Радыё Свабода.
Дарэчы, The Wall Street Journal паведамляе, што ў электроннай перапісцы з выданнем Сяргей Міліян назваў інфармацыю ў дасье ілжывай.
Вядома, што Сяргей Міліян (Сяргей Міледзьевіч Кукуць) скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсітэт, вучыўся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Завяршыўшы два курса навучання, ён атрымаў грант на стажыроўку ў Злучаных Штатах па міжнароднай адукацыйнай праграме. У кастрычніку 2010-га заснаваў Міжнародны цэнтар развіцця бізнесу пры Расійска-амерыканскай гандлёва-прамысловай палаце ў ЗША (ён прасоўвае расійскія кампаніі на амерыканскі рынак). Міліян з'яўляецца ўладальнікам кампаній Millian Group, Inc. і Interchallenge, спансуе друк расійска-амерыканскага дзелавога часопіса і штомесячнай газеты Гандлёва-прамысловай палаты. У біяграфіі адзначаецца, што Міліян "працуе ў сферы жылой і камерцыйнай нерухомасці на нацыянальным і міжнародным узроўні з Trump Organization і The Related Group". Ён свабодна валодае беларускай, англійскай, рускай, італьянскай і іспанскай мовамі.