Справа актывіста, якога збілі падчас затрымання, згубілася паміж МУС і СК

Справа актывіста, якога збілі падчас затрымання, згубілася паміж МУС і СК

Студэнт Крысціян Шынкевіч спрабуе дамагчыся пакарання для амапаўцаў, якія 25 сакавіка 2017 года брутальна затрымалі яго разам з іншымі назіральнікамі ў офісе праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Хлопец сцвярджае, што праз наступствы таго затрымання ўжо некалькі месяцаў вымушаны піць моцныя абязбольваючыя і не можа нармальна спаць.

Нехта вагой пад 100 кг

Раніцай 25 сакавіка 2017 года АМАП уварваўся ў офіс “Вясны”, дзе напярэдадні Дня волі сабраліся міжнародныя назіральнікі, валанцёры і юрысты. Было затрымана 57 чалавек, сярод іх — Крысціян Шынкевіч.

“Як толькі КДБ з амапам ўламіліся ў кватэру і загадалі ўсім класціся на падлогу, я пачаў выконваць гэтае патрабаванне. Калі ўжо амаль прысеў, нехта з амапаўцаў моцна ўдарыў мяне нагой у вобласць крыжа злева, сеў зверху і заламаў рукі, — прыгадвае падзеі таго дня актывіст. — Так гэты “нехта” вагой пад 100 кг сядзеў на мне каля 20 хвілін”.

Праз некалькі гадзін праваабаронцаў адпусцілі. Крысціян ужо тады кульгаў, у яго балела левая нага. Разам з сябрам хлопец паехаў у 6-ю гарадскую бальніцу Мінска. Там яму паставілі дыягназ: “Удар тазасцегнавога і каленнага суставаў злева, драпіна на перадплеччы”.

 

Справа актывіста, якога збілі падчас затрымання, згубілася паміж МУС і СК
Заключэнне медыкаў пасля затрымання 25 сакавіка 2017 года.

Кругаварот дакументаў у прыродзе

З лякарні Шынкевіч вярнуўся ў Першамайскі РУУС і напісаў заяву аб збіцці. Яму была прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Справа быццам бы пайшла, але...

“Цішыня цягнулася паўтара года. У жніўні 2018-га афіцыйна спрабую дазнацца, дзе адказ. А з МУС і пішуць, што заява была зарэгістраваная і перададзеная ў Следчы камітэт. СК, у сваю чаргу, паведаміў, што ніякіх матэрыялаў з гэтай нагоды не атрымліваў. Накіроўваюць назад у міліцыю. Там кажуць, што вось пад вопіс дасылалі ўсе матэрыялы следчым. Следчы камітэт зноў адказвае, што нічога не атрымалі”, — распавядае Еўрарадыё Крысціян Шынкевіч.

Хлопец скардзіцца на дзеянні сілавікоў у Пракуратуру. Па яго словах, запыт “спускаюць” у тое ж аддзяленне міліцыі, якое ўжо двойчы паведамляла, што адправіла дакументы следчым. Гэтыя дзеянні Шынкевіч цяпер абскарджвае ў гарадской пракуратуры. Калі атрымае адпіскі, збіраецца звяртацца ў суд самастойна.

 

Медыцынскія прыгоды

Нагодай увесь час прыгадваць пра заяву, аднесеную ў міліцыю 25 сакавіка 2017 года, быў боль, які з таго часу не адпускаў Шынкевіча.

“Праз тыдні два-тры боль амаль прайшоў, але яшчэ праз месяц зноў вярнуўся, і ўжо нашмат мацнейшы. Настолькі, што проста раніцай прачнуўся ўжо ад болю, — згадвае Шынкевіч. — Дапамагалі неяк простыя абязбольваючыя, потым пайшоў ужо да неўролага, бо боль часта паўтараўся. Мяне накіравалі на МРТ. Улічваючы што бясплатнага МРТ у Беларусі трэба доўга чакаць, я пайшоў платна на МРТ у РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах. Там 9 верасня 2017 года і зрабіў МРТ крыжова-паяснічнага аддзела пазваночніка”.

Лекар, па словах актывіста, паглядзела тамаграму і выдала заключэнне пра невялікі астэахандроз. Наступныя лекары, адштурхваючыся ад гэтага заключэння, казалі, што траўмаў няма. Па выніку Шынкевіча адправілі да псіхіятра, бо думалі, што болі ўзніклі на нервовай глебе. Таксама ён праходзіў іншыя абследаванні і фізіятэрапію.

Праз нейкі час хлопец пераехаў вучыцца ў Польшчу.

“У ліпені 2018 года адбылося такое абвастрэнне, што я не мог павярнуцца на ложку, а праз пару дзён і зусім ляжаць ад болю. Тады ўжо лекары, бачачы, што боль ёсць нават пры пальпацыі, а простыя абязбольваючыя не дапамагаюць, выдалі мне рэцэпт на трамадол. Аднак нават гэты прэпарат здымаў боль не да канца, проста хаця б дазваляў засынаць, было лягчэй”.

Студэнта адправілі паўторна прайсці патрэбных лекараў. Адзін з іх, пераглядаючы вынікі МРТ, заўважыў моцнае запаленне.

 

Справа актывіста, якога збілі падчас затрымання, згубілася паміж МУС і СК
Зона запалення на здымке МРТ.

“Я напісаў скаргу ў РНПЦ наконт таго, што яны дапусцілі моцную медычную халатнасць, — працягвае Шынкевіч. — Яны выдалі новае заключэнне па старых здымках МРТ: напісалі, што сапраўды ёсць запаленне на суставах. Давялося пабегаць па Мінску да артапедаў, якія адпраўлялі і да анколагаў, і да фтызіятараў, каб выключыць нешта аўтаімуннае ці анкалагічнае”.

 

Справа актывіста, якога збілі падчас затрымання, згубілася паміж МУС і СК
Першапачатковы дыягназ і прызнанне лекарскай памылкі кіраўніцтвам медычнай установы.
Справа актывіста, якога збілі падчас затрымання, згубілася паміж МУС і СК
А гэта — вынікі медычных абследванняў пасля. У дыягназах адзначаецца негатыўная дынаміка.

У выніку Шынкевічу быў пастаўлены новы дыягназ: “Посттраўматычнае запаленне крыжова-падуздышнага сучлянення”. Актывіста чакае дарагое і цяжкае лячэнне, якое зойме ад аднаго да трох гадоў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі