Справы аб збіванні ахоўнікамі пакупнікоў "Кароны" і "Валгаграда" прыпыненыя

Крымінальныя справы аб збіванні людзей ахоўнікамі гандлёвых цэнтраў "Карона" і "Валгаград" прыпыненыя. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Следчым камітэце.

"Па "Кароне" папярэдняе следства па крымінальнай справе прыпыненае ў сувязі з тым, што немагчыма вызначыць асобу, якую належыць прыцягнуць у якасці абвінавачанага. Па справе праводзяцца аператыўныя мерапрыемствы. Органам унутраных спраў дадзеныя даручэнні правесці мерапрыемствы, каб, магчыма, устанавіць дадатковыя абставіны. Прыпыненне справы не азначае, што па ёй нічога не праводзіцца", — кажа афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Аляксандра Вашкевіча збілі летась у "Кароне" на Кальварыйскай. Ахоўнікі заўважылі, што яго сябар нешта з'еў у краме, і вырашылі яго затрымаць. Аляксандр заступіўся, за што яго закавалі ў кайданкі і моцна збілі, што зафіксавала экспертыза. Яшчэ адна нашумелая гісторыя адбылася ў краме "Валгаград". Івана Губара мінулым летам моцна збіў ахоўнік. Пасля гэтага Іван упаў у кому і праз некаторы час памёр.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, кіраўнік установы "Платформа", лічыць, што справы зацягваюць.

"Заўсёды сітуацыя развіваецца так: альбо нам адмаўляюць ва ўзбуджэнні справы, альбо распачынаюць справу і яе зацягваюць. Шэрагам экспертыз, выклікам нейкіх сведак".

Паводле слоў Бандарэнкі, ахоўнікі "Кароны", якія маюць дачыненне да збівання Аляксандра Вашкевіча, па-ранейшаму працуюць.

"Зразумела, што ахоўнікі — гэта альбо былыя вайскоўцы, альбо супрацоўнікі міліцыі. Яны на допытах паводзілі сябе нахабна. Адкрыта казалі, што нам нічога не будзе і мы яшчэ прыцягнем цябе да адказнасці".

Начальнік службы аховы гіпермаркета не стаў адказваць на пытанне, ці працуюць на сённяшні дзень ахоўнікі, якія моцна збілі чалавека.

"На ўсе пытанні, якія нам задавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, следчыя, мы ўжо адказалі у свой час, у тым ліку і я. Гэта па-першае, а па-другое — ніхто нікога не збіваў моцна".

Ахоўнік у краме "Валгаград" ужо не працуе. Саму краму набыла сетка "Рублёўскі", там персанал змяніўся.

У Следчым камітэце кажуць, што ахоўнік збег і яго шукаюць. Таму справа таксама прыпыненая.

"Абвінавачаны схаваўся ад органаў крымінальнага пераследу. Па гарачых слядах вызначыць яго месца знаходжання не атрымалася. Ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, вядзецца ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі суседніх краін. У сувязі з гэтым расследаванне крымінальнай справы прыпыненае за вышукам абвінавачанага".

Што датычыцца ахоўнікаў "Кароны", Андрэй Бандарэнка сцвярджае, што ўсе асобы ім вядомыя. А паколькі следства не можа вызначыць асобу, якая збівала Вашкевіча, то трэба распачынаць крымінальную справу супраць групы не выяўленых асобаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі