"Ставім перад фактам”: Як чыноўнікі з людзьмі пра Трактарапасёлак гаварылі

"Ставім перад фактам”: Як чыноўнікі з людзьмі пра Трактарапасёлак гаварылі

“Нам зварот прыйшоў проста”, — так чыноўнікі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска тлумачаць неабходнасць у грамадскіх слуханнях. Мясцовыя ўлады вырашылі знесці двухпавярховую забудову 1940-50-ых гадоў у раёне Трактарнага завода, бо “дамы ўжо старыя”.

Найперш пад знос пойдуць 10 дамоў, адзін з іх, былы дзіцячы садок, ужо знеслі. Мясцовыя жыхары супраць — хочуць захаваць забудову раёна і настойваюць на рэканструкцыі. 29 чэрвеня грамадскія слуханні, а дакладней “інфармаванне насельніцтва”, адбываліся так.

Намеснік старшыні адміністрацыі раёна Павел Караневіч:

“Я курырую пытанні будаўні…”

Мясцовыя жыхары: А мікрафон у вас не працуе? Мы проста вас чуць хочам.

Павел Караневіч: У адміністрацыю раёна паступіў калектыўны зварот жыхароў кварта…

Мясцовыя жыхары: Можа ўсё ж бліжэй да мікрафона, ну не чутна ж нічога!

Павел Караневіч: Дык вы сядайце бліжэй.

"Ставім перад фактам”: Як чыноўнікі з людзьмі пра Трактарапасёлак гаварылі
Мясцовыя жыхары на слуханнях

Мікрафон усё ж паставілі пабліжэй, стала чутна.

Павел Караневіч: "Паступіў зварот па пытанні зносу дамоў у межах вуліц Клумава, Кашавога Шчарбакова. У 2007 годзе быў распрацаваны праект дэтальнага планавання, які прадугледжвае знос дамоў у межах гэтых вуліц. Гэты праект прайшоў узгадненне. Сёння вядуцца працы па зносе 10 дамоў”.

На месцы знесеных дамоў плануюць пабудаваць новыя. На 5-7 паверхаў. Але на новыя дамы пакуль няма ні інвестара, ні праекта.

Мясцовых жыхароў упэўненасць чыноўнікаў у тым, што будзе менавіта так і ніяк інакш, пачынае раздражняць.

Мясцовая жыхарка:Гэта наша ўласнасць! Мы ўладальнікі гэтых дамоў! Чаму вы ставіце нас перад фактам? Вы вырашылі, вы запраектавалі, у нас людзі капрамонт у кватэрах рабілі. Вось мой дом яшчэ 100 гадоў прастаіць. Гэта наша гістарычная памяць, мы тут выраслі. Такія ж дамы ў Германіі не зносяць”.

Гэта адна з самых распаўсюджаных пазіцый жыхароў раёна. Але была і іншая: “дамы старыя, дайце нам новыя, няважна, дзе, бо падлога прагніла”. З сарака чалавек на слуханнях такіх было каля дзесяці.

Праз 20 хвілінаў становіцца горача. Людзі пачынаюць перакрыкваць адзін аднаго, нехта ўжо пагаджаецца жыць у Каменнай горцы. Але большасць хоча застацца ў сваім раёне. І тут чыноўнікі зноў нічога не абяцаюць: “Вы тут застаняцеся толькі, калі будуць вольныя кватэры, ды наогул мы яшчэ не ведаем, як яно будзе”.

Пасля гэтага у мясцовых узнікае толькі адно удакладняючае пытанне: “Скажыце, а мы тут нешта вырашаем, вы гатовыя нас слухаць, ці проста ставіце перад фактам?”

І чуюць у адказ: “Ставім перад фактам, усё ўжо вырашана”.

На гэтай ноце большасць з воклічам “Гэта нейкі фарс!” проста пакідае залу слуханняў.

У эфіры Еўрарадыё гаворым з кінакрытыкам Максімам Жбанковым, які жыве ў раёне Трактарнага завода і таксама прысутнічаў на слуханнях. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі