Стрыечная сястра Сянцова: Усё катастрафічна кепска, ён піша, што канец блізкі
Украінскі палітвязень Алег Сянцоў, які трымае працяглую галадоўку ў расійскай турме, знаходзіцца ў “катастрафічна кепскім” стане. Пра гэта паведамляе яго стрыечная сястра Наталля Каплан. Паводле яе словаў, адвакат перадаў ліст Сянцова, які ўжо амаль не ўстае. У гэтым лісце Сянцоў піша, што канец блізкі, і гэта “не пра вызваленне”, напісала Наталля Каплан на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Таксама Сянцоў распавёў ёй, што цяпер знаходзіцца ў “інфармацыйным вакууме” і не атрымлівае лістоў. Апроч таго ён спытаў, ці нехта цікавіцца яго галадоўкай.
Украінец Алег Сянцоў, якога ў Расіі асудзілі на 20 гадоў турмы нібыты за тэрарыстычную дзейнасць, на знак пратэсту абвясціў галадоўку, якую трымае ўжо 87 дзён. Сваякі, вядомыя дзеячы культуры і палітыкі неаднаразова прасілі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна вызваліць Сянцова, але безвынікова.