Студэнта-палітвязня Арцёма Баярскага адлічылі з БДУ
З хімічнага факультэта БДУ адлічылі студэнта-другакурсніка Арцёма Баярскага, пішуць праваабаронцы "Вясны".
Хлопцу 19 гадоў, ён чатыры разы быў стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў.
Увосень 2020-га ён атрымаў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сёёлета ўвесну яго спярша асудзілі на 25 сутак паводле таго самага артыкула 24.23, а потым выставілі абвінавачванні ў "стварэнні альбо кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем" — цяпер у Беларусі пад гэтае вызначэнне трапляюць паблікі ў сацсетках і чаты ў Telegram.
У ТГ-канале Азаронка з'явілася відэа, на якім Баярскі прызнаецца ў адміністраванні пабліка ў сацсетках. Пазней ён сказаў адвакату, што для атрымання гэтага прызнання яго білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
4 чэрвеня стала вядома, што Баярскага адлічылі з Белдзяржуніверсітэта.
Напярэдадні, як расказвала Еўрарадыё, з факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ былі адлічаныя студэнты Вольга Вайтовіч і Савелій Дубовік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.