Супраць каго тыя санкцыі, якія сёння прадоўжыў Байдэн
Спіс чыноўнікаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЗША
Супраць каго скіраваныя санкцыі, якія 9 чэрвеня прадоўжыў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн? Пяцёра з дзесяці чалавек, чые прозвішчы ёсць у санкцыйным спісе, цяпер не займаюць у Беларусі дзяржаўных пасадаў.
Экс-кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў выйшаў у адстаўку ў 2009 годзе — па стане здароўя. У красавіку 2015 года на той момант міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч расказваў у інтэрв'ю Sputnik, што Навумаў пасля адстаўкі з'ехаў з краіны і больш у Беларусь не прыязджае.
Кіраўніка КДБ Сцяпана Сухарэнкі (яго прозвішча таксама ёсць у санкцыйным спісе ЗША) адправілі ў адстаўку ў 2007 годзе. У 2008 годзе ён быў прызначаны паслом у Арменію і прапрацаваў на дыпламатычнай пасадзе да 2015 года. Затым вярнуўся ў Мінск і ўладкаваўся ў Банк развіцця на пасаду начальніка ўпраўлення бяспекі і абароны інфармацыі.
Прыкметны прапагандыст і старшыня НТРК у 2006 годзе Аляксандр Зімоўскі таксама даўно не пры пасадзе і не ў Беларусі.
У санкцыйным спісе таксама ёсць былы міністр юстыцыі Віктар Галаванаў і на той момант намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч. Пазней яна працавала яшчэ першай намесніцай кіраўніка АП, памочніцай прэзідэнта, але ўсе дзяржаўныя пасады пакінула ў 2014 годзе.
Пры гэтым з ёй склалася даволі парадаксальная сітуацыя. Нягледзячы на тое, што яна па-ранейшаму знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЗША, з 2018 года Пяткевіч жыве ў гэтай краіне як жонка дыпламата Валянціна Рыбакова. Заехаць у краіну яна змагла па лініі ААН, тлумачыла некалькі гадоў таму "Наша Ніва" — яе муж з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком Беларусі пры ААН, і ён змог запрасіць жонку не ад імя ЗША, а ад ААН.
Але пэўныя складанасці ў яе ўсё-такі ў ЗША ўзнікалі.
"Па прыбыцці ў аэрапорт Кенэдзі мяне загналі ў адстойнік. У мяне ёсць дыпламатычны пашпарт, з'яўляюся высокай службовай асобай суверэннай дзяржавы, а мяне каля гадзіны трымалі ў адстойніку разам з пасажырамі з Афрыкі і іншых краін, у якіх былі сур'ёзныя праблемы з дакументамі", — скардзілася яна ў адным з інтэрв'ю.
Джо Байдэн 9 чэрвеня падпісаў пастанову, якой прадоўжыў санкцыі ў дачыненні да 10 грамадзян Беларусі. Яны не могуць мець у ЗША ўласнасць і рахункі. У пастанове гаварылася, што гэтыя людзі "працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША" і "падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі".
Пасады і ўплыў захавалі пяцёра фігурантаў спісу: Аляксандр і Віктар Лукашэнкі, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман і, магчыма, часткова былы камандзір брыгады спецпрызначэння ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка. Яго бачылі і нават чулі на праўладных мітынгах у мінулым годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.