Свет дачакаўся нараджэння прынца і цяпер гадае, як яго назавуць

Увечары 22 ліпеня Кенсінгтонскі палац паведаміў, што герцагіня Кембрыджская Кейт нарадзіла сына. Ён стане трэцім у чарзе на прастол.

Адным з першых, хто павіншаваў герцагіню і прынца Уільяма з нараджэннем сына, стаў брытанскі прэм’ер-міністр Дэвід Кэмеран, паведамляе Еuronews.

Дэвід Кэмеран: “Гэта вельмі важны момант у жыцці нашага народа. Некалькі гадоў таму адбылося выдатнае каралеўскае вяселле, якое захапіла сэрцы людзей. А цяпер — каралеўскае нараджэнне. І ўсе гэтыя навіны з сям’і, якая так шмат дала нашай нацыі”.

Прэзідэнт ЗША павіншаваў герцага і герцагіню з нараджэннем сына, а прэзідэнт Расіі — каралеву Елізавету II з нараджэннем праўнука.

Тым часам істэрыя, звязаная з каралеўскім дзіцём, пасля яго з’яўлення не супакоілася. Зараз усе чакаюць, якое імя атрымае наследнік кароны. Найбольш верагодным паводле букмекераў з’яўляецца Джордж, а ўжо пасля — Джэймс ці Аляксандр, піша BBC. A The Guardian прыгадвае, што ў свой час імя прынца Уільяма было абвешчана праз тыдзень пасля яго нараджэння, а яго бацькі Чарльза — праз месяц.

Вялікую ўвагу папаўненню ў сям’і прынца Уільяма і герцагіні Кейт надаюць і СМІ. The Independent прыводзіць статыстыку, згодна з якой каралеўскі сын стаў адным з 2 тысяч дзяцей, якія штодзень нараджаюцца ў Вялікабрытаніі. Але, у адрозненне ад траціны з іх, ён не даведаецца пра беднасць.

А BBC у сваім артыкуле разважае, якія выклікі могуць чакаць у жыцці каралеўскае дзіця.

BBC: “Прынцы Уільям і Гары прызнаюцца, што важным з’яўляецца магчымасць выпрабаваць сябе, а таксама выявіць пачуццё ўласнай годнасці, якая караніцца ў дасягненні. Прынц Уільям дасягнуў гэтага праз службу пілотам выратавальнага верталёта, а прынц Гары праз службу ў Афганістане”.

Што цікава, не ўсе разумеюць такой вялікай увагі да нараджэння сына прынца Уільяма і герцагіні Кейт. Як, напрыклад, журналістка The New Yorker Лорэн Колінз. Яна не можа зразумець сваіх брытанскіх сяброў, якія шчыра вераць у элітарнасць каралеўскай сям’і, а таксама ў неабходнасць для яе вялізных прывілеяў. На думку амерыканскай журналісткі, гэта супярэчыць ідэі дэмакратычнага грамадства.

Фота: AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі