Сяргей Румас: прэм’ер-міністр ці выканаўца абавязкаў прэм'ера?
18 жніўня Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў беларускага ўрада. Новым прэм’ер-міністрам стаў Сяргей Румас, які замяніў Андрэя Кабякова.
Румас быў прызначаны ўказам кіраўніка дзяржавы №327 “ з наступным узгадненнем яго прызначэння з Палатай прадстаўнікоў”.
Згодна з Канстытуцыяй (пункт 6 артыкул 84) назначэнне такого ўзроўню павінна быць узгоднена Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага схода краіны. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зараз працуюць у акругах, таму павінна быць прызначана нечарговая сесія. Але па інфармацыі Еўрарадыё нават прадстаўлення кандыдатуры Сяргея Румаса ў Палату прадстаўнікоў пакуль не было.
Сяргей Румас ужо займае пасаду прэм’ер-міністра ці пакуль толькі выконвае яго абавязкі прэм’ера? У панядзелак дзяржаўныя СМІ ў адзін голас называюць Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам Беларусі, прадстаўляюць яго калектыву Саўміна.
Еўрарадыё вырашыла ўдакладніць, як правільна называць высокапастаўленага чыноўніка ў… Савеце міністраў.
"Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь — так як яго прызначыў прэзідэнт", — адказвае прэс-сакратар Румаса Уладзіслаў Сычэвіч, але просіць ператэлефанаваць праз 5 хвілін, каб удакладніць пытанне.
Праз пяць хвілін пацвярждае: без усялякіх прыставак “выканаўца абавязкаў”.
Дарэчы, падобная сітуацыя была ў Расіі. Падчас прызначэння Дзмітрыя Мядзведзева прэм’ер-міністрам Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў адпаведны дакумент толькі пасля зацвярджэння новай кандыдатуры ў Дзяржаўнай Думе.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Рыбак раіць не хвалявацца. Ён упэўнены, што ўсё будзе згодна з Канстытуцыяй.
"Калі дэпутаты яго не ўхваляць, то не будзе прэм’ерам, якія праблемы, — кажа Андрэй Анатольевіч. — Ці вы думаеце, што ён за тыдзень шмат спраў наробіць? У любым выпадку, каб склікаць сесію, трэба ўказ прэзідэнта…Усё будзе нармальна, чаго вы хвалюецеся? Канстытуцыя ў нас не парушалася яшчэ ніколі".