Сын ідэолага са Жлобіна не паспеў уцячы ад міліцыі і правядзе 4 гады за кратамі
Мітынг у Жлобіне 15 жніўня / svaboda.org
10 жніўня дальнабойнік Аляксандр Французаў толькі паспеў вярнуцца з рэйса дадому ў Жлобін. Дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ён прапусціў, а ўночы з 10 на 11 жніўня збіраўся зноў ехаць у рэйс. Але перад ад'ездам пагадзіўся падвезці ў цэнтр знаёмых.
Да цэнтра горада яны не даехалі. На адной з вуліц трапілі ў затор, уздоўж якога хадзілі міліцыянеры і даставалі людзей з машын. Аляксандра затрымлівалі драматычна: намеснік начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрый Дзядзюн павіс на акне яго аўто, калі ён спрабаваў з'ехаць. А потым, калі машына набрала хуткасць, упаў.
Цяпер Аляксандр асуджаны раённым судом на чатыры гады — фактычна за спробу не даць сябе збіць. 28-годдзе мужчына сустрэў за кратамі. А яго чатырохгадовы сын думае, што тата паехаў у камандзіроўку.
Масавыя беспарадкі, якіх не было
"У прысудзе адзначана, што затрыманні людзей 11 жніўня ў Жлобіне праводзіліся з мэтай ліквідацыі масавых беспарадкаў. Але ніякіх беспарадкаў на вуліцы не было, — расказвае "Салідарнасці" мама Аляксандра Французава. — Супрацоўнікі міліцыі спынілі калону машын і проста затрымлівалі тых, хто ў іх знаходзіўся. Людзей выцягвалі, кідалі на зямлю і збівалі".
Гэтыя затрыманні трапілі на відэа. А на іншым роліку — момант затрымання самога Аляксандра. Чуваць гук шкла, якое разбіваецца, відаць, як аўтамабіль пачынае ехаць назад, а сілавік бяжыць каля яго, схапіўшыся за нешта ўнутры. У канцы відэа ён падае.
Гэта відэа міліцыянер, які праходзіў у судзе пацярпелым, падасць у судзе. Па хадайніцтве абвінавачвання яго далучаць да справы. А вось першы ролік, на якім відаць, як сілавікі збіваюць пасажыраў і кіроўцаў спыненых машын, суд далучыць да справы адмовіўся.
"Ён ад'язджаў да тых часоў, пакуль не ўбачыў, што па яго выехала машына ДАІ з уключанымі маячкамі. Тады сын спыніўся і выйшаў сам, не аказваючы ніякага супраціву", — працягвае мама Французава.
Пасля затрымання Аляксандра адвезлі на медагляд. Там пабояў не зафіксавалі. Па словах Таццяны Французавай, яе сына збілі потым, у РАУС. "Ні лекара, ні эксперта па пастанове следчага да яго не пускалі больш за тыдзень. І толькі 17 жніўня была праведзеная судмедэкспертыза, якая зафіксавала цялесныя пашкоджанні і таксама аднесла іх да катэгорыі няцяжкіх", — скардзіцца яна.
У крымінальнай справе па факце збіцця Аляксандру было адмоўлена. Складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў Жлобінскага РАУС знойдзена не было.
Сын ідэолага
Па словах маці, Аляксандр пра свае палітычныя перавагі ніколі публічна не гаварыў: "Да ўсіх падзей у краіне ставіўся нейтральна. Маўляў, "мне не да палітыкі, у мяне праца і дзіця".
Сама Таццяна 12 гадоў адпрацавала ідэолагам на дзяржпрадпрыемстве. У некалькіх выбарчых кампаніях была назіральнікам: "У 2010 годзе я атрымала падзячны ліст з подпісам Лукашэнкі за выбары, якія прайшлі ў тым годзе, на якіх была назіральнікам. А пасля выбараў-2020 мой сын ужо амаль шэсць месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, але пры гэтым наогул не галасаваў", — расказвае Таццяна.
Пасля затрымання сына Таццяна папрасіла зняць з сябе паўнамоцтвы ідэолага:
"Ніякага ціску на мяне ніхто не аказвае, наадварот, усе, уключаючы кіраўніцтва, разумеюць і падтрымліваюць. Сашава жонка таксама працуе ў дзяржарганізацыі, і там таксама ўсе ставяцца да сітуацыі з абсалютным разуменнем таго, што ў краіне прававы дэфолт. Наогул настроі людзей цяпер зусім не такія, якія былі, калі я выконвала абавязкі ідэолага", — дзеліцца ўражаннямі жанчына.
Чатыры месяцы следчы не дазваляў Таццяне спатканні з сынам. Апошнія паўгода жанчына беспаспяхова змагаецца за яго свабоду.
Салідарнасць да Еўрапейскага суда давядзе
Жлобінскі раённы суд прызнаў Аляксандра Французава вінаватым у "гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Таксама суд абавязаў выплаціць кампенсацыю — 1500 рублёў на карысць пацярпелага сілавіка.
Таццяна Французава не плануе здавацца. Разам з адвакатамі яна падала тры апеляцыйныя скаргі ў Гомельскі абласны суд. Жанчына прызнаецца, што велізарная салідарнасць усяляе аптымізм: "Тэлефануе шмат людзей са словамі падтрымкі і прапановамі дапамогі".
Цяпер Таццяна збірае матэрыялы, каб у далейшым дайсці не толькі да Вярхоўнага суда Беларусі, але і да Еўрапейскага. Па запыце праваабаронцаў дакументы будуць пададзены для прызнання Аляксандра Французава палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.