Такаеў — Лукашэнку: мы выходзім на вельмі сур'ёзныя дамоўленасці
25 кастрычніка адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Казахстана. Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у гэтай краіне. Падчас размовы з Касым-Жамартам Такаевым ён запэўніваў, што наша краіна будзе заўсёды надзейным партнёрам "дружалюбнага Казахстана".
"Нашы дачыненні з Казахстанам сыходзяць углыб дзесяцігоддзяў, стагоддзяў, — цытуе словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба. — Мы заўсёды, асабліва ў савецкі перыяд, былі блізкія. Нашы эканомікі заўсёды былі ўзаемадапаўняльнымі, гэта стварае новыя магчымасці для нас і цяпер".
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ўдасца знайсці рашэнне па ўсіх праблемных пытаннях. Як вядома, для Мінска важнае пытанне паставак нафты і нафтапрадуктаў з Казахстана. І дамовіцца па ім удалося. Лукашэнка спадзяецца, што тавараабарот паміж краінамі хутка пераадолее мільярд долараў.
"Мы выходзім на вельмі сур'ёзныя дамоўленасці, якія, упэўнены, будуць рэалізаваны ў самай бліжэйшай будучыні", — сказаў Касым-Жамарт Такаеў.
Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Казахстана наведаць у 2020 годзе Беларусь з афіцыйным візітам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.