Тэлеканал АНТ пакарае журналіста за сюжэт з віцэ-прэм'ерам Калініным на TIBO

Тэлеканал АНТ пакарае журналіста за сюжэт з віцэ-прэм'ерам Калініным на TIBO

Кур'ёзны тэлесюжэт з выступам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна на выставе TIBO-2016 атрымаў далёка не вясёлыя наступствы. Журналіста, які выпусціў сюжэт у эфір, абяцаюць пакараць. Пра гэта піша nn.by са словаў дырэктара інфармацыйнага вяшчання АНТ Руслана Паддубскага.

"Журналіст прыехаў са здымак за дзве хвіліны да эфіру. Не да канца адгледзеўшы відэа, ён змантаваў яго, выдаў. І праз тое, што бракавала часу, не было магчымасці яго прагледзець, праверыць. У нас жа звычайна відэа правяраецца выпускным рэдактарам. Гэтую памылку заўважылі, калі было ўжо позна", — кажа Паддубскі.

Па яго словах, сам Анатоль Калінін не пакрыўдзіўся на сюжэт: "Гэта працоўныя моманты, ён усё разумее". Дарэчы, увечары 20 красавіка чыноўнік прыйдзе на АНТ і дасць інтэрв'ю кіраўніку тэлеканала Рыгору Кісялю, у якім патлумачыць сэнс сваіх словаў.

Паддубскі заяўляе, што паказаны выступ віцэ-прэм'ера — гэта неахайнасць журналіста: "З усяго інтэрв'ю выбралі менавіта некарэктную частку. І нейкія дысцыплінарныя меры да яго безумоўна будуць прынятыя, бо гэта парушэнне вытворчай дысцыпліны".

Дарэчы, яшчэ да тлумачэння Калініна Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў  спецыяліста, што ж хацеў сказаць віцэ-прэм'ер.

Як мусяць гучаць словы віцэ-прэм'ера Калініна, каб іх зразумелі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі