Тэрарыст, які напаў на Charlie Hebdo, пахаваны ў безыменнай магіле
Такім чынам улады Парыжа вырашылі перадухіліць “паломніцтва” да магілы ісламіста.
Тэрарыст Шэрыф Куашы, які 7 студзеня напаў на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo, пахаваны ў нядзелю, 18 студзеня ў безыменнай магіле пад Парыжам. На могілках Жэнвіль у часе пахавання былі зробленыя жорсткія захады бяспекі, паведамляе РИА Новости са спасылкай на агенцтва Франс Прэс.
На пахаванні не было сваякоў, а надмагільны камень вырашылі пакінуць без імя, каб пазбегнуць магчымага “паломніцтва” да месца пахавання ісламіста.
Іншага ўдзельніка нападу на рэдакцыю часопіса — французскага тэрарыста Саіда Куашы — напярэдадні таемна пахавалі ў Рэймсе.
Сатырычны часопіс Charlie Hebdo стаў аб’ектам тэрарыстычнага нападу ў Парыжы пасля публікацый карыкатур на прарока Мухамеда: 7 студзеня ў часе ўзброенай атакі былі забітыя 12 чалавек, у тым ліку двое паліцыянтаў. Праз двое сутак падазраваныя — браты Шэрыф і Саід Куашы — былі ліквідаваныя ў часе штурму.
Фота: REUTERS