Ці павінна Беларусь запрашаць міжнародных назіральнікаў на ваенныя вучэнні

Ці павінна Беларусь запрашаць міжнародных назіральнікаў на ваенныя вучэнні

Беларусь не абавязаная была запрашаць нікога з міжнародных назіральнікаў на беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2017”. Агулам у вучэннях возьмуць удзел каля 13 тысяч чалавек, а гэта азначае, што паводле Венскага дакумента, Мінск мае такое права. Тым не менш, робіць гэта па ўласнай ініцыятыве ― у якасці жэста добрай волі.

“Кіруючыся прынцыпам адкрытасці, Беларусь у ініцыятыўным парадку накіроўвае запрашэнні для ўдзелу ў назіранні ў актыўнай фазе вучэння прадстаўнікам міжнародных арганізацый”, ― заявіў 13 ліпеня прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Па словах ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, наша краіна сапраўды магла нікога з міжнародных назіральнікаў на вучэнні не запрашаць: толькі прадставіць замежным партнёрам інфармацыю пра колькасць ваеннаслужачых і тэхнікі, што будуць задзейнічаныя падчас вучэнняў.

Алесін: “Гэта такі акт міжнароднай ветлівасці ― запрашэнне назіральнікаў. Бо нідзе не прапісаная норма, якая б нас да гэтага абавязвала. Проста, калі не запрасіць, то тады ўзнікаюць падазрэнні наконт таго, што гэтая краіна нешта хавае, рыхтуе нейкі злы план”.

Беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2017” на самой справе выклікаюць шмат перасцярогаў у заходніх палітыкаў і экспертаў. Ад падазрэнняў, што яны нясуць пагрозу суседзям Беларусі, да перасцярог, што пад выглядам гэтым вучэнняў адбудзецца акупацыя Беларусі расійскімі войскамі. Дзмітрый Мірончык выказвае спадзяванне, што запрашэнне на вучэнні міжнародных назіральнікаў ўсе падазрэнні і перасцярогі здыме. Аляксандр Алесін упэўнены ў адваротным.

Алесін: “Да самага заканчэння вучэнняў, пакуль расіяне не раз’едуцца, будуць працягвацца публікацыі пра тое, што яны могуць застацца, што гэта ― прыхаваны захоп і патэнцыйная пагроза краінам Балтыі і Польшчы. Але гэта акурат той выпадак, калі, як мне падаецца, самі вучэнні ― гэта толькі повад, і ўсе бакі пераследуюць нейкія свае мэты”.

Нагадаем, вучэнні “Захад-2017” пройдуць у Беларусі ў верасні. Паводле заяў Мінабароны, у іх возьмуць ўдзел да 13 тысяч ваенных, з якіх расійскіх будзе толькі каля 3 тысяч. Вучэнні, адзначае Мірончык, носяць выключна абарончы характар.

У той жа час, Генеральны сакратар NATO Йенс Столтенберг заявіў:

"Мы будзем вельмі ўважліва назіраць за вучэннямі "Захад". Усе краіны маюць права трэніраваць свае войскі, але павінны рабіць гэта адказна і, несумненна, з захаваннем міжнародных дамоўленасцей і абавязкаў. Напрыклад, у Венскім дакуменце гаворыцца аб тым, што ўсе маштабныя вучэнні павінны праходзіць пад наглядам міжнародных назіральнікаў. Мы заклікаем Расею выканаць гэтыя правілы, у тым ліку і ў час вучэнняў "Захад"".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі