Топ-6 “несацыяльных” крокаў улады
Усяго за некалькі месяцаў прынятыя нечаканыя для “сацыяльнай беларускай дзяржавы” рашэнні. Згадваем некаторыя з іх.
Бясплатны тэхагляд для пенсіянераў
Адмянілі з 1 студзеня. Цяпер пенсіянеры, праходзячы тэхагляд на машыне вагой ад 1,5 да 2 тон, будуць плаціць дзяржаве шэсць базавых велічынь транспартнай пошліны. З новага года базавая павялічылася да 210 000 рублёў, адпаведна, выплата за адзін год будзе роўнай 1260000. Але калі аўто маладзейшае за дзесяць гадоў, то плаціць давядзецца адразу за два гады — то бок 2520000 рублёў. Гэта амаль сярэдняя пенсія, якая складае ўсяго тры мільёнаы рублёў.
Знікненне сацыяльнага таксі
Гэта адбылося таксама 1 студзеня і стала сапраўднай праблемай для інвалідаў, якім трэба часта ездзіць з дому ў бальніцы на працэдуры. І хоць улады абяцаюць вырашыць праблему, замовіць машыны дагэтуль немагчыма. Па афіцыйнай версіі, праблемы звязаныя са сканчэннем рэалізацыі “Праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Мінску на 2011-2015 гады”. Новая праграма пакуль не прынятая. І не зусім зразумела, калі гэта адбудзецца.
У Мінску не працуюць сацыяльныя таксі, спынілі даплаты да пенсій
З 1 студзеня ў Мінску прыпыненая выплата штомесячнай сацыяльнай дапамогі да пенсій. Яе атрымлівалі ветэраны і ўдзельнікі Другой сусветнай вайны, інваліды і дзеці-інваліды да 18 гадоў.
Даплаты да пенсій ветэранам і інвалідам
Як ужо гаварылася вышэй, сярэдняя пенсія ў краіне цяпер роўная прыкладна тром мільёнам. Да першага студзеня ветэраны вайны і інваліды ў Мінску мелі невялічкую, але даплату — каля 200 тысяч. Цяпер не маюць. На пытанні журналістаў, чаму, чыноўнікі ківаюць на тую ж “Праграму сацыяльнага абслугоўвання”. Аднак уцямнага адказу пра прычыны яе непрацягнення так і няма.
Мяса, хлеб і малако больш не сацыяльна значныя тавары
З 11 студзеня кошты на хлеб, мяса, яйкі, малако, дзіцячае харчаванне больш не рэгулююцца дзяржавай. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета міністраў ад 11 студзеня: “Пастанова прынятая ў мэтах далейшага зніжэння адміністрацыйнага рэгулявання ў сферы коштаўтварэння. З улікам шырокага асартыменту прадукцыі рознага коштавага сегменту на рынку і канкурэнцыі сярод вытворцаў цяпер адсутнічае неабходнасць у коштавым рэгуляванні шэрагу харчовых тавараў (хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне) на сталай аснове”.
Пенсійны ўзрост
Гэта, відаць, самы моцны і значны ўдар. Размовы аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў Беларусі вядуцца даўно, перад выбарамі Лукашэнка нават абяцаў, што “гэтага пакуль не будзе”. Аднак амаль адразу пасля чарговай “элегантнай перамогі” абмеркаванне павышэння пачалося ва ўрадзе. 3 лістапада выказаўся і Лукашэнка: “Калі мы гаворым пра тое, што нам трэба павышаць пенсійны ўзрост, што нам, дарэчы, МВФ настойліва рэкамендуе, я перад выбарамі гэта сказаў, гэта мая абсалютная перакананасць — нам трэба павышаць пенсійны ўзрост, і назваў прычыны. Але пры гэтым сказаў, што мы павінны параіцца з народам. Я даручыў Адміністрацыі прэзідэнта, думаю, яны ўжо выпрацавалі нейкі алгарытм, як з народам параіцца”. Пакуль не раіліся, але з вопыту мінулых гадоў зразумела — павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі гэта амаль факт. Праўда, міністр Качанава абяцае, што не сёлета.
Лукашэнка пра павышэнне пенсійнага ўзросту
"Толькі тады пойдзем на ўдасканаленне таго, што маем, калі будзем ўпэўненыя, што ў выніку, да прыкладу, павышэння тарыфаў на ЖКГ, людзі будуць здольныя заплаціць па рахунках".
Скарачэнне тэрміна дэкрэтнага адпачынку
Гэтага пакуль не адбылося, але намер агучыў дарадца Лукашэнкі па эканамічных пытаннях Кірыл Руды. “Адпачынак па доглядзе за дзіцём ў Беларусі з'яўляецца адным з самых працяглых — тры гады, у Расіі — паўтара года, у Казахстане — адзін год. Эфект ад працяглага адпачынку па доглядзе за дзіцём неадназначны”, — напісаў ён ў артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары “Белорусского экономического журнала”. Верагодна, кіраўніку краіны на нарадах ён кажа тое самае.
Чаму ўлады ўласнаручна руйнуюць дасягненні “сацыяльнай дзяржавы”? Палітолаг Андрэй Казакевіч кажа, што прычыну трэба шукаць у банальным недахопе грошай.
“Эканамічная сітуацыя ў Беларусі і суседзяў цяпер такая, што ўлады не могуць сабе дазволіць нават такія, на першы погляд, нязначныя выдаткі. Ці можа гэта ўсё прывесці да сацыяльных хваляванняў? Гэта будзе залежаць ад вялікай колькасці фактараў. Ад глыбіні эканамічных праблем, рэакцыі ўладаў на сацыяльную напружанасць. Ад таго, як доўга працягнецца такая складаная фінансавая і эканамічная сітуацыя”.