Трагедыя ў Гродне. “Пешаход скокнуў пад ровар, каб не трапіць пад бус”

Еўрарадыё звязалася з Сяргеем Івановым — трэнерам 16-гадовага велагоншчыка Яраслава Хільмановіча, які стаў удзельнікам трагічнага здарэння на мосце праз раку Нёман у Гродне.

Нагадаем, што 16 чэрвеня спартсмен сутыкнуўся з мужчынам, які перабягаў дарогу ў недазволеным месцы. Пешаход падчас падзення стукнуўся галавой аб бардзюр і праз тыдзень памёр. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да спартсмена. На дадзены момант велагоншчык з’яўляецца падазраваным у парушэнні правілаў, якія пацягнулі смерць чалавека. 

Раварыст, які насмерць збіў мужчыну, аказаўся прафесійным велагоншчыкам

У той трагічны дзень Хільмановіч і яго трэнер ехалі з адной велабазы на іншую, рыхтаваліся да Алімпійскіх дзён моладзі. Справа ў тым, што Яраслаў з’яўляецца перспектыўным велагоншчыкам. У мінулым годзе ён двойчы стаў прызёрам спартакіяды школьнікаў. А сёлета — выйграў першынства Беларусі ў парнай гонцы.

Я са свайго боку ніякага парушэння правілаў Яраславам не бачу. Там тратуар на мосце ў такім бязладным выглядзе, што там пойдзеш — нагу зламаеш. Не тое, што ехаць на ровары, — лічыць Сяргей Іваноў. — Яшчэ на нейкім дарожным, горным ровары можна праехаць. А ў яго, падкрэсліваю, спартовы шашэйны ровар.  У момант здарэння ззаду ехала машына з відэарэгістратарам. Я праглядзеў відэазапіс. Вучань ехаў нармальна. Мужчына саліднага ўзросту перабягаў дарогу ў чатыры шэрагі. Яраслаў сказаў, што бачыў яго, прытармазіў, крыкнуў яму, каб той стаяў. Мужчына практычна спыніўся. Але на запісе бачна, што на мужчыну наязджаў бус. І ён, каб не трапіць пад той бус, скокнуў наперад прама пад колы Яраслава”.

Сам Сяргей Іваноў ехаў на так званай тэхнічнай машыне, якая страхуе велагоншчыка. Але непасрэднага моманту здарэння не бачыў. 

Яраслаў праехаў, а я застаўся на светлафоры. Калі ж я пад’ехаў бліжэй да моста — там зноў корак. А на месцы здарэння ўбачыў, што мужчына ўжо ляжаў, Яраслаў стаяў — рукі і калені пабітыя. “Хуткая” прыехала праз 5-7 хвілін. Пад’ехала міліцэйская машына. Мужчыну адразу забралі і павезлі…”

Яраславу Хільмановічу ўжо нанялі адваката. А ў пятніцу 26-га чэрвеня правядуць следчы эксперымент.

Ці можа прафесійны велагоншчык ездзіць па дарозе побач з аўтамабілістамі?

Гэтая гродзенская трагедыя чарговы раз выклікала грамадскія абмеркаванні наконт правоў і абавязкаў раварыстаў. У раздзеле 20 Правілаў дарожнага руху сказана, што чалавек на ровары  павінен рухацца па абочыне, тратуары альбо пешаходнай дарожцы. Калі гэта немагчыма, можна ехаць па праезнай частцы не далей за 1 метр ад правага краю. Пра спартсменаў не сказана нічога. Зразумела, што велагоншчыкі прафесіяналы, якія едуць і 40, і 50, і 60 км/г, не могуць трэніравацца там, дзе ходзяць звычайныя людзі ды катаюцца аматары. Стыхія шашэйнікаў — шаша.

Праблему абмяркоўвалі яшчэ ў 2011 годзе, калі на мінскай кальцавой кіроўца “БМВ” урэзаўся ў калону спартсменаў, якія трэніраваліся.

Пасля таго выпадку ў сталічнай ДАІ пры ўдзеле спартовых чыноўнікаў правялі нараду і склалі адпаведны дакумент. Вырашылі, што калоны спартсменаў павінны суправаджаць тэхнічныя машыны з жоўтымі мігалкамі. Таксама навучальна-трэніровачныя заняткі на некаторых сталічных вуліцах пастанавілі праводзіць пры ўзгадненні з ДАІ.

Мінулі гады, а праблема, падобна на тое, застаецца актуальнай.

Звяртаемся ў аддзел агітацыі і прапаганды рэспубліканскай ДАІ з агульным пытаннем: ці маецца нейкі закон, які б унармаваў праблему трэніровак велагоншчыкаў па ўсёй краіне. Аднак старшы інспектар па асаблівых даручэннях Станіслаў Салавей адмаўляецца абмяркоўваць тэму. А адносна гродзенскага выпадку ён запэўнівае, што ДАІ да падобнага дачынення не мае.

“За гэта адказваюць участковыя і гэтак далей. Гэта не ДТЗ. Я вам зараз нічога каментаваць не буду”, — заканчвае кароткую гутарку Салавей

Сёлета 13 траўня (за тры дні да гродзенскай трагедыі) у сталічнай ДАІ сайту onliner.by адкаментавалі парушэнні правілаў, якія дапусціла група прафесійных велагоншчыкаў на праспекце Пераможцаў. Падчас гутаркі людзі ў пагонах дапусцілі магчымасць таго, што спартсмены могуць ехаць па звычайнай дарозе побач з аўтамабілістамі.

Два гады таму “Белгазета” надрукавала гутарку з намеснікам начальніка ДАІ Фрунзенскага раёна сталіцы Сяргеем Дудчыкам. Міліцыянер выказаў меркаванне, што “прасунутыя раварысты” могуць ездзіць па вуліцах, а не па тратуарах.

Калі на хуткасці ён трапіць у натоўп, гэта будзе праблемай як для яго, так і для раварыстаў”, — выказаўся Дудчык.

Еўрарадыё звязалася з Беларускай федэрацыяй веласіпеднага спорту.  Там праблему акрэслілі неадназначна:

Калі спартсмены едуць групай, то ззаду звычайна іх суправаджае машына. А калі раварыст едзе сам, супрацоўнік ДАІ можа яго спыніць, аштрафаваць за парушэнне правілаў”.

Еўрарадыё: А як трэніруецца, скажам, наш вядомы велагоншчык Васіль Кірыенка?

Федэрацыя: Што вам скажа Кірыенка? Што ён не можа трэніравацца на тратуарах? І я, і вы разумеем, што шашэйны ровар не прыстасаваны для таго, каб скакаць па бардзюрах.

Як бачым, поўная неразбярыха! За гады спартовыя чыноўнікі і ДАІ не разабраліся з праблемай. Ці павінен за гэта адказваць юны велагоншчык?  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі