Трамп адмяніў бясплатную кантрацэпцыю для жанчын у ЗША
Амерыканскія працадаўцы і страхаўшчыкі атрымалі права не аплочваць выдаткі сваіх супрацоўніц на кантрацэпцыю, калі гэта супярэчыць іх рэлігійным або маральным перакананням. Такая норма ёсць у новым законе, уведзеным адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа. Белы дом сцвярджае, што змены закрануць каля 12 тысяч працуючых жанчын, а праваабаронцы называюць іншую лічбу — 55 мільёнаў.
Аб’яднанне грамадзянскіх правоў ужо падало судовы пазоў супраць такога рашэння. Праваабаронцы лічаць, што Белы дом спрабуе прымусіць жанчын плаціць за рэгілійныя погляды сваіх працадаўцаў і прыкрываецца правам на свабоду веравызнання, перадае ВВС.
У 2012 годзе адміністрацыя Барака Абамы вырашыла разглядаць кантроль за нараджальнасцю як прафілактыку, якую зрабілі абавязковай часткай медыцынскага страхавання. Такім чынам, амерыканкі сталі атрымліваць кантрацэптывы бясплатна. Тады Белы дом палічыў, што гэта знізіць колькасць абортаў, павялічыць узровень сэксуальнай асветы і знізіць выдаткі на аплату перынатальнай медыцыны і адпачынкаў па даглядзе за дзіцём. Аднак кансерватары і прыхільнікі хрысціянскіх каштоўнасцяў часта крытыкавалі гэты закон і асуджалі выкарыстанне кантрацэптываў.
Яшчэ ў 1990-я гады Дональд Трамп казаў аб праве жанчыны на аборт і кантрацэпцыю як аб норме, неабходнасці і свабодным выбары. Аднак перад прэзідэнцкімі выбарамі ён рэзка памяняў танальнасць сваіх выказванняў і стаў на абарону “ненароджаных дзяцей”.