Трамп аднавіў санкцыі супраць Кубы — “да вызвалення ўсіх палітвязняў”
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аднаўляе санкцыі супраць Кубы. Ён заявіў, што скасоўвае “абсалютна аднабаковую ўгоду”, заключаную адміністрацыяй Барака Абамы з Востравам Свабоды. Па словах Трампа, Злучаныя Штаты не здымуць санкцыі з Кубы да той пары, пакуль яе ўлады не вызваляць усіх палітвязняў і “не пачнуць паважаць свабоду самавыражэння”.
Трамп паабяцаў абмежаваць фінансавыя патокі з ЗША на Кубу, якія, на яго думку, ідуць на ўзмацненне ваенных. Пад забаронай застануцца і індывідуальныя турыстычныя паездкі на Кубу, хоць марскія круізы будуць магчымыя.
Пры гэтым амбсада ЗША ў Гаване застанецца, захаваюцца і камерцыйныя пералёты на востраў. У будучыні Трамп спадзяецца заключыць больш карыснае пагадненне з кубінскімі ўладамі, паведамляе ВВС.
Нармалізацыя адносінаў паміж ЗША і Кубай пачалася ў 2014 годзе. Праз год у Гаване было адкрытае амерыканскае дыппрадстаўніцтва. У сакавіку 2016 года Барак Абама наведаў Кубу — гэта быў першы за 90 год візіт на востраў амерыканскага прэзідэнта.