Трамп пра магчымасць атакі на Паўночную Карэю: “Паглядзім”
У панядзелак, 4 верасня, Савет бяспекі ААН правядзе пасяджэнне з нагоды чарговага ядзернага выпрабавання, праведзенага КНДР. Пхеньян заявіў пра паспяховае выпрабаванне вадароднага боезараду, які плануецца выкарыстоўваць на міжкантынентальных балістычных ракетах. У адказ Паўднёвая Карэя правяла ўласныя ракетныя вучэнні, адпрацоўваліся магчымыя ўдары па ядзерных аб’ектах КНДР. Выкарыстоўваліся сапраўдныя баявыя зарады. Ядзерных боегаловак у Сеула няма. Тым часам ЗША і Паўднёвая Карэя збіраюцца перагледзець дамоўленасці, каб ракетная магутнасць апошняй павялічылася ўдвая, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Пасля чарговых ядзерных выпрабаванняў у КНДР кіраўнік Пентагона Джэймс Мэціс паабяцаў, што ў выпадку пагрозы ЗША і саюзнікам Вашынгтон мае намер даць “масіўны ваенны адказ”. Ён падкрэсліў, што гаворкі пра поўнае знішчэнне Паўночнай Карэі няма, хаця такія магчымасці ёсць.
Прэзідэнт ЗША абмеркаваў сітуацыю па тэлефоне з прэм’ер-міністрам Японіі Сіндзо Абэ. Трамп пацвердзіў, што ЗША будуць абараняць сваю тэрыторыю і тэрыторыю саюзнікаў “з выкарыстаннем усяго спектру дыпламатычных [мер], звычайных і ядзерных магчымасцяў”. Раней Дональд Трамп, адказваючы на пытанне, ці не плануюць Злучаныя Штаты атакаваць КНДР, сказаў: “Паглядзім”.