Трамп зноў прайграў у судзе справу пра антыіміграцыйны ўказ
Апеляцыйны суд у ЗША падтрымаў рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі, якое блакуе другі, больш мяккі антыіміграцыйны ўказ прэзідэнта Дональда Трампа, перадае Бі-Бі-Сі.
Гэты закон, выдадзены 6 сакавіка, уводзіў часовую забарону на ўезд у краіну грамадзянам шасці блізкаўсходніх і паўночнаафрыканскіх дзяржаў — Ірана, Лівіі, Самалі, Судана, Сірыі і Емена. Гэта краіны з пераважна мусульманскім насельніцтвам. У Белым доме іх разглядаюць як рассаднікі тэрарызму. У першую версію ўказу, выдадзеную 27 студзеня, у гэтаы спіс уваходзіў яшчэ Ірак.
Дзеянне абодвух указаў неўзабаве прыпынілі на няпэўны тэрмін суды больш нізкіх інстанцый. Яны ўгледзелі ва ўказах Трампа парушэнне канстытуцыі ЗША.
Апеляцыйны суд у Сан-Францыска, разгледзеўшы скаргу адміністрацыі Трампа пастанавіў: "Пытанні іміграцыі, нават для прэзідэнта, не павінны станавіцца тэатрам аднаго акцёра". Суд таксама адзначыў, што прэзідэнт Трамп не змог абгрунтаваць, быццам уезд у краіну грамадзян згаданых ва ўказе краін, а таксама бежанцаў, ідзе на шкоду інтарэсам ЗША.