“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

Еўрарадыё працягвае праект “Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”, у якім распавядаецца пра неабыякавых людзей з беларускіх рэгіёнаў. Мінулым разам мы ездзілі ў Верхнядзвінск. А сёння гасцюем у Аліны Нагорнай, якая бароніць беларускую мову і правы людзей у Слуцку — райцэнтры на адлегласці ў 101 км на поўдзень ад Мінска.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “так званыя ліберальныя колы” няправільна ўяўляюць сабе беларускую грамадзянскую супольнасць. “Гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне”, — і тут нават мы з ім пагадзіліся.

Але далей Лукашэнка разгарнуў сваю думку ў нечаканым кірунку: “А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя”. Ветэраны, БРСМ, прафсаюзы, жанчыны… Дзе ў гэтым пераліку месца для грамадскіх актывістаў, якія па ўсёй Беларусі дапамагаюць беларусам змагацца за іх правы?

Еўрарадыё вырашыла аднавіць справядлівасць. У праекце “Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі” мы будзем распавядаць пра неабыякавых грамадзян. Іх штодзённая праца і фарміруе тую самую грамадзянскую супольнасць, якую так своеасабліва разумее кіраўнік нашай дзяржавы.

Актывістка — гэта значыць як у БРСМ

У Слуцку жыве каля 60 тысяч чалавек. Размову з Алінай Нагорнай мы пачынаем у невялічкай кавярні “Непарыж” у цэнтры горада. У двух кроках — Дом культуры, дзе дзяўчына арганізоўвае канцэрты альтэрнатыўных музыкаў.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

Аліна кажа, што не бачыць у сваёй дзейнасці нічога незвычайнага. Жыхарка Слуцка  просіць не называць яе актывісткай. У палітычных партыях і арганізацыях Аліна не лічыцца.

“Слова “актывістка” не падабаецца ў дачыненні да мяне, — распавядае Еўрарадыё дзяўчына. — У нас шмат актывістаў БРСМ, якіх я не лічу сапраўднымі актывістамі. Нічога прынцыповага ў гэтым слове для меня няма.

Як паліттэхнолаг дапамагаю некаторым прадстаўнікам беларускага незалежнага руху. Даю практычныя парады, якія можна выкарыстоўваць. Распавядаю людзям, як, напрыклад, правільна пісаць звароты, каб узняць праблему. Як размаўляць з чыноўнікамі. Але для мяне самае галоўнае — беларуская мова і яе абарона. Больш увагі я гэтай тэме надаю”.

На канцэрт прыйшоў цэлы РАУС

Зладзіць выступ незалежнага гурта ці правесці заняткі “Мова Нанова” часам бывае складана. Адносіны паміж чыноўнікамі і людзьмі, якім не ўсё роўна, няпростыя. Аліна распавядае, як у лістападзе мінулага года ладзіла канцэрт, прысвечаны героям Слуцкага паўстання. Выступіць у мясцовым Доме культуры прыехалі Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч, гурты Zanzibar і ХараЧакра. Але нешта пайшло не так:

“Канцэрт наведала больш за 300 чалавек. Падчас выступу гурта Zanzibar міліцыя папрасіла музыкаў зняць маскі з твараў, маўляў, цяпер не Новы год, а яны [музыкі] не Дзяды Марозы.

Нам выставілі рахунак за арэнду, за камуналку і за паслугі міліцыі, да якой шмат прэтэнзій за працу на канцэрце летась. Па-першае, аплацілі іх працу, каб ахоўвалі грамадскі парадак, а яны прымусілі гурт здымаць маскі. Па-другое, аплачвалі двух супрацоўнікаў, а прыйшоў амаль цэлы РАУС. Карацей, ёсць прэтэнзіі”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

Даведка: Слуцкае паўстанне, таксама вядомае як Слуцкі збройны чын, адбылося ў 1920 годзе. Жыхары горада і ваколіцаў выступілі супраць Савецкай улады. Іх мэтай была незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Паўстанне ў снежні таго ж года падавіла Чырвоная армія.  

Перад кожным канцэртам “недзяржаўных” музыкаў даводзіцца атрымліваць шмат узгадненняў. Аднойчы мясцовыя чыноўнікі далі дабро на ўсю сімволіку, якую арганізатары хацелі бачыць на сцэне, акрамя сцяга Слуцка! Але часам не абыходзіцца без затрыманняў нават тады, калі ўсё ўзгоднена. У 2018-м, калі ў Беларусі адзначалі  100-годдзе БНР, Аліну Нагорную затрымалі разам з сябрамі і адвезлі ў міліцыю.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

“На гэтым канцэрце выступалі Алесь Дзянісаў, Зміцер Бартосік, салігорскі гурт ХараЧакра, — працягвае дзяўчына. — Спачатку машыну, якая паехала за Бартосікам, затрымалі. Потым за намі міліцыя ганялася па горадзе. У выніку нас затрымалі паміж Слуцкам і Мінскам. Трымалі тры гадзіны, далі штраф — 1 базавую велічыню. І адпусцілі”.

 

Мы на чыноўніка — скаргу, ён на нас — заяву ў міліцыю

Акрамя канцэртаў, Аліна Нагорная арганізоўвала курсы па вывучэнні беларускай мовы “Мова Нанова”. У вялікім будынку Дома культуры памяшкання для заняткаў не знайшлося.

“Мы збіраліся і займаліся ў невялічкім падвальчыку, — распавядае Аліна. — Але там не вельмі ўтульна навучацца. Пакуль мы шукалі, пісалі звароты, дык школьнікам забаранілі прыходзіць. У выніку атрымалася, што ў Слуцку ўжо няма сэнсу ў такіх курсах”.

Мы ідзём міма Слуцкага райвыканкама. Аліна кажа, што ў мясцовых чыноўнікаў беларуская мова выклікае раздражненне. Адной з галоўнай праблем, як у слуцкім рэгіёне, так і па ўсёй Беларусі, дзяўчына лічыць тое, што старшынь райвыканкамаў прызначаюць з іншых гарадоў. Чыноўнікі прыязджаюць на пасады і не ведаюць мясцовых пытанняў.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

“У горадзе зносілі гістарычны будынак XIX стагоддзя, — працягвае Аліна. — Я прыйшла да старшыні райвыканкама [Андрэй Янчэўскі. — Еўрарадыё], каб сказаць, што ён робіць памылку. Але ён нават не выйшаў да мяне. Я напісала скаргу, а ён на мяне — заяву ў міліцыю”.

 

“Можа, яна сябе не так паводзіць?”

Каб на нас пасля не напісалі заяву ў міліцыю, тэлефануем у райвыканкам. У прыёмнай старшыні кажуць, што пытанне Андрэю Янчэўскаму можна задаць праз яго намесніцу па ідэалагічнай працы Наталлю Чарнушэвіч. Але спачатку чыноўніца адмаўляецца размаўляць з Еўрарадыё:

— Мне тэлефануе Еўрапейскае радыё... Адкуль я ведаю, якое радыё ці яшчэ нешта?

Але мы працягваем задаваць пытанні, Наталля адказвае.

— Наколькі складана трапіць на прыём да старшыні райвыканкама?   

— Ніякіх праблем няма. Можна прыйсці ў дзень прыёму, ёсць папярэдні запіс па тэлефоне. Няма ніякай праблемы, каб трапіць да нашага старшыні.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

— Аліна Нагорная распавяла, што на яе старшыня заяву ў міліцыю напісаў…

— Дазволю сабе сказаць — гэта хлусня. На жаль, я на той момант была ў адпачынку. Вельмі шкадую... Не люблю па чутках размаўляць, але паводзілі яны сябе не так… Не ведаю. Я ў гэтым пытанні не кампетэнтная.

— Атрымліваецца, нейкія складаныя адносіны ў мясцовай улады і Аліны Нагорнай?

— Не-не-не. Можа, яна сябе не так паводзіць? Чамусьці у нас ніколі не было такіх канфліктных сітуацый.

 

Праблема грамадства ў маўчанні

Аліна Нагорная скончыла Баранавіцкі ўніверсітэт. Па прафесіі — выкладчык-псіхолаг. Стажыравалася ў Польшчы, Германіі, Эстоніі і Нідерландах. Пытаемся, навошта ёй ўсё гэта трэба? Можа, прасцей было б жыць без усіх праблем з чыноўнікамі і міліцыянерамі?

“Я жыву так, бо я так хачу, — гаворыць дзяўчына. — Раблю тое, што лічу важным. Калі казаць пра ціск з боку ўлад, дык я яго не адчуваю. Я з яго смяюся, распавядаю ў сацсетках. Дарэчы, раю людзям, якія сутыкнуліся з ціскам, распавядаць. Калі замоўчваць, дык падобныя выпадкі будуць паўтарацца. Галоўная праблема ў сённяшнім грамадстве — маўчанне людзей”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

Мы падыходзім да раённай бібліятэкі. Аліна згадвае, як хацела зладзіць тут акустычны канцэрт у гонар абвяшчэння 101 года БНР. Але ў памяшканні адмовілі.

“Планавалі канцэрт — адмовілі, хацелі распавесці пра гісторыю БНР — таксама, — кажа дзяўчына. — Пасля гэтых адмоў мне патэлефанавалі з РАУС і выклікалі на прафілактычную размову. Я адмовілася ісці. Гэта абсурдная сітуацыя”.

Іншае пачынанне Аліны ўсё ж скончылася поспехам: дзяўчына дамаглася, каб чыноўнікі выправілі граматычныя памылкі на гарадскіх шыльдах каля вакзала. Але ёсць помнік, які яшчэ чакае выпраўлення. Мы падыходзім да мемарыяла ахвярам Слуцкага гета.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

“У надпісе на помніку ёсць памылкі з родным склонам, — тлумачыць Аліна. — Трэба, каб было напісана “ПінскаЙ ЯўрэйскаЙ АбшчынЫ”. На маю думку, гэтыя памылкі абражаюць тых, каму ўсталяваны помнік. Я лічу, што гэтыя памылкі трэба выправіць. Слуцкае кіраўніцтва, праўда, так не палічыла. Таму мы звярнуліся ў Міністэрства культуры, якое такі рэкамендавала ўсё паправіць. Пакуль чакаем”.

Помнік героям Слуцкага паўстання

Аліна працягвае эксурсію па родным горадзе. Мы спыняемся каля Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. Актыўныя грамадзяне не задаволеныя тым, што прадпрыемства пастаўляе хлеб у сумнавядомы рэстаран “Поедем поедим” каля месца сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, а таксама тым, што там вырабляюць хлеб “Бульбаш”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

“Мы збіралі подпісы, пісалі звароты, каб хлеб пад такой назвай не вырабляўся. З прадпрыемства прыйшоў адказ не па тэме, не на мове нашага звароту і нават без подпісу, — распавядае Аліна. — Пазней мы звярнуліся ў Акадэмію навук, каб зрабілі лінгвістычную экспертызу слова “Бульбаш”, і распачалі кампанію “Стоп Бульбаш””.

Цяпер Аліна Нагорная разам з сябрамі дамагаюцца ўстаноўкі ў горадзе помніка героям Слуцкага паўстання. Чыноўнікі ўпарта адмаўляюцца.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Слуцк, Аліна Нагорная і хлеб “Бульбаш”

“Больш за 1200 жыхароў Слуцка падпісаліся за тое, каб каля гарадскога музея паставілі помнік героям паўстання,  — распавядае Аліна. — Ініцыятыву не падтрымаў старшыня райвыканкама. Каб тэму паўстання падтрымліваць, мы праводзілі імпрэзы, канцэрты, эксурсіі. Мы збіраемся дамагчыся помніка ў любым выпадку. Збіраемся зноў ісці да чыноўнікаў. Слуцкае паўстанне — важная старонка ў гісторыі Беларусі. Прыклад, калі грамадзяне аб’ядналіся вакол агульных каштоўнасцей і пайшлі бараніць свае правы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі