Тры беларускія лёгкаатлеты дыскваліфікаваныя за анаболікі
Бягуху, хадака і дыскабола выкрылі ў Беларусі. Лёгкаатлетаў дыскваліфікавалі за ўжыванне анабалічных стэроідаў.
Злавіла спартсменаў наша Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва (НАДА). Гэта бягуха Вікторыя Шаўчук (узяла сёлета Кубак Беларусі на 1500 метраў), хадок Юрый Варанчук і 30-гадовы кідальнік дыска Дзмітрый Сівакоў — колішні прызёр моладзевых чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў дырэктар НАДА Аляксандр Ванхадла.
Ванхадла: “Допінг-пробы былі ўзятыя ў Беларусі. У названых спартсменаў атрымаліся станоўчыя вынікі. Вынікі мы адправілі ў Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый. У IAAF праводзілі дыстанцыйнае следства, патрабавалі ад спартсменаў тлумачэнні, магчымыя меддаведкі. Але рашэнне па дыскваліфікацыі ўсё адно прымалі мы”.
Кожны з дапінгістаў быў пакараны двухгадовай дыскваліфікацыяй.
Нагадаем, што беларускае НАДА спрабуе атрымаць міжнародную акрэдытацыю. Такую магчымасць павінны былі разгледзець на пасяджэнні Міжнароднага антыдопінгавага агенцтва сёлета ў траўні.
Але пытанне перанеслі на верасень-кастрычнік, кажа Ванхадла. Сёння высновы лабараторыі НАДА павінна пацвярджацца ў любой акрэдытаванай лабараторыі, іначай яно не мае юрыдычнай сілы. Калі лабараторыя атрымае акрэдытацыю, то рабіць дадатковае пацвярджэнне будзе не патрэбна.
Фота — worldvelosport.com