Twitter адмовіўся ад маркіроўкі дзяржаўных СМІ
У кастрычніку 2022 года Twitter узначаліў Ілан Маск / pixabay.com
Сацыяльная сетка Twitter адмовілася ад маркіроўкі акаўнтаў шэрагу беларускіх і расійскіх сродкаў масавай інфармацыі. На іх старонках у сацсетцы зніклі пазнакі "СМІ, звязаныя з дзяржавай" або "СМІ, якое фінансуецца дзяржавай". Пра гэта паведамляе ТАСС.
Пра знікненне такой пазнакі ўжо паведаміла і агенцтва БЕЛТА.
Маркіраваць акаўнты СМІ і журналістаў, якія, на думку сацсеткі, звязаныя з кіраўніцтвам той ці іншай краіны, Twitter пачаў у 2020 годзе. У Расіі такія пазнакі атрымалі, у прыватнасці, тэлеканал RT, яго галоўная рэдактарка Маргарыта Сіманьян, агенцтва ТАСС і РІА Навіны. Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны такія пазнакі з'явіліся і ў беларускіх дзяржрэсурсаў.
Пасля ў сацсеткі змяніўся ўладальнік, і ў красавіку гэтага года пазнака "СМІ, якое фінансуецца дзяржавай" з'явілася і ў брытанскай карпарацыі ВВС, а таксама амерыканскага Нацыянальнага грамадскага радыё NPR. ВВС тады заявіла пратэст, нагадала, што заўсёды была незалежнай і фінансуецца брытанскай грамадскасцю за кошт ліцэнзійных збораў. Але новы ўладальнік Ілан Маск заявіў, што Twitter імкнецца "да максімальнай празрыстасці і дакладнасці". А потым дадаў: "Насамрэч я не думаю, што ВВС настолькі ж перадузятая, як некаторыя іншыя фінансаваныя ўладамі СМІ, але з боку ВВС па-дурному заяўляць пра нулявы ўплыў". Гэтыя цытаты прыводзіць "Медуза".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.