“У апошнія секунды пілоты толькі крычалі”. Расшыфраваныя запісы з кабіны Боінга
Як стала вядома расійскаму "Камерсанту", пасля расшыфроўкі самапісцаў Boeing 737-800 кампаніі Flydubai, які разбіўся ў аэрапорце Растова-на-Доне, дамінуючай ў расследаванні стала версія пра памылку пілотаў. Пры спробе падняць самалёт пасля няўдалага заходу на пасадку адзін з лётчыкаў, мабыць, занадта моцна задраў нос машыны. Лайнер пасля такога манеўра рэзка страціў хуткасць і літаральна спікіраваў на зямлю. Выратаваць яго было ўжо немагчыма. У апошнія 10-15 секунд палёту ў кабіне ўзнік канфлікт. Адзін з пілотаў крычаў другому: "Куды ляціш? Стаяць!". Аднак усе яго спробы "перацягнуць" штурвал толькі пагоршылі сітуацыю.
Па дадзеных блізкай да расследавання крыніцы, дзякуючы расшыфроўцы “чорных скрыняў”, экспертам удалося амаль цалкам аднавіць карціну катастрофы. 19 сакавіка пілоты рабілі ўжо другую спробу прызямліцца ў аэрапорце Растова-на-Доне. Экіпаж рэйса FZ981 быў вымушаны зноў адмовіцца ад пасадкі. Абодва заходы пілоты здзяйснялі ў аўтаматычным рэжыме і кожны раз ім перашкаджалі ўмовы надвор'я.
Пад Растовам разбіўся пасажырскі лайнер
На борце "Боінга" знаходзілася 55 пасажыраў — 18 мужчын, 33 жанчыны, 4 дзяцей і 7 членаў экіпажа, усе загінулі.
Як мяркуюць эксперты, экіпаж не ўлічыў спецыфіку пераходу Boeing 737 з рэжыму пасадкі ў рэжым набору вышыні. Справа ў тым, што пры заходзе на паласу пад аўтапілотам лайнер знаходзіцца ў даволі складанай канфігурацыі: яго руль вышыні адхілены на пікіраванне, а хваставы стабілізатар пры гэтым працуе ў процілеглым кірунку, задзіраючы нос машыны. Калі заход на другі круг адбываецца ў аўтаматычным рэжыме, становішча ўсіх рулёў плаўна змяняе бартавы камп’ютар. У выпадку ж здзяйснення гэтага манеўру ў ручным рэжыме, лётчык інстынктыўна цягне штурвал на сябе, ставячы такім чынам у становішча набору вышыні і руль, і стабілізатар. Эксперты мяркуюць, што менавіта гэта адбылося 19 сакавіка пад Растовам. Адзін з пілотаў не зразумеў, што самалётам працягвае кіраваць аўтапілот і дапусціў фатальную памылку. Сыходзячы на трэці круг, ён на невялікай вышыні моцна задзёр нос лайнера і павялічыў магутнасць рухавікоў. У выніку самалёт павёў сябе літаральна як знішчальнік, рэзка паляцеў уверх. Гэта хутка прывяло да таго, што “Боінг” згубіў хуткасць і пачаў падаць. Памылку першым заўважыў адзін з пілотаў. Ён спрабаваў выправіць сітуацыю, чым канчаткова заблытаў аўтаматыку. На выратаванне пілоты мелі ўсяго некалькі секунд і не паспелі нічога зрабіць.
“Калі ж хуткасць самалёта, які выйшаў на закрытычныя вуглы атакі, пачала імкліва падаць, у кабіне адбыўся канфлікт. Адзін з лётчыкаў, працягваючы набор вышыні, паспрабаваў набраць хуткасць, павялічыўшы рэжым працы рухавікоў да ўзлётнага. Яго напарнік меркаваў, што ў першую чаргу варта апусціць нос самалёта. Ён крычаў партнёру "Стой. Куды? Стаяць! Стаяць!" і адначасова спрабаваў спыніць набор вышыні, адштурхоўваючы ад сябе свой штурвал. У выніку кіраванне самалётам, як кажуць спецыялісты, разарвалася: у бартавы камп’ютар Boeing сталі паступаць электрычныя імпульсы ад усіх маніпуляцый, якія здзяйсняюцца пілотамі на абодвух штурвалах, якія ў штатным рэжыме працуюць сінхронна. Экіпаж ўзгадніў свае дзеянні толькі тады, калі абодва пілоты адчулі адмоўныя перагрузкі — нешта падобнае адчувае чалавек у ліфце, што падае. Аднак было ўжо позна — Boeing, на борце якога знаходзіліся 62 чалавекі, з хуткасцю 325 км/г і пад вуглом каля 45 градусаў нёсся да зямлі. У апошнія секунды жыцця абодва пілоты толькі крычалі ад жаху і адчаю”, — піша “Камерсант”.