У Беларусі шукаюць спосабы "прастымуляваць" беларусаў, якія з'ехалі, вярнуцца

На аўтавакзале ў Мінску

На аўтавакзале ў Мінску / tochka.by

Беларускія ўлады маюць намер распрацаваць і прыняць дадатковыя меры "па стымуляванні вяртання беларускіх грамадзян, якія выехалі на працу за межы Рэспублікі Беларусь". Аб гэтым гаворыцца ў Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі на 2024-28 гады. Дакумент зацверджаны ўрадам і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

У дакуменце адзначаецца, што працяглы час натуральнае змяншэнне насельніцтва ў краіне кампенсавалася за кошт прытоку замежнікаў. Але зараз "назіраецца міграцыйны адток за межы Рэспублікі Беларусь грамадзян, якія выязджаюць у мэтах занятку працоўнай дзейнасцю і на пастаяннае месца жыхарства". Таму патрэбны комплекс мер — сацыяльных, эканамічных, палітычных, арганізацыйных, прававых і іншых — каб з аднаго боку забяспечыць нацыянальную бяспеку краіны, а з іншага — выканаць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян у сферы міграцыі. Канцэпцыя таксама гаворыць, што патрэбны дадатковыя меры па стварэнню прывабных падатковых, сацыяльных і іншых умоў для ўзмацнення прытоку ў краіну высокакваліфікаваных іншаземцаў і "зніжэння адтоку грамадзян" з Беларусі, "захавання кадравага патэнцыялу краіны і стымулявання вяртання грамадзян на радзіму".

У канцэпцыі гаворыцца, што з 2018 года па ліпень 2023 года на працу за мяжу пры садзейнічанні юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў выехала больш за 38 тысяч чалавек. А ў Беларусь пераехалі 83 тысячы працаўнікоў. Звестак аб тым, колькі беларускіх грамадзян з'ехалі з краіны самастойна, у аўтарам канцэпцыі няма — гавораць, збор такіх звестак "складаны, паколькі названыя асобы не прадстаўляюць інфармацыю аб выездзе ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў і не становяцца на консульскі ўлік".

Нагадаем, у сярэдзіне студзеня начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МВД Аляксей Бягун расказваў, што на працягу 2021-2022 гадоў з Беларусі з'ехалі больш за 200 тысяч чалавек. Раней камандуючы Унутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў называў лічбу ў 350 тысяч чалавек —столькі чалавек, паводле яго звестак, пакінулі Беларусь з пачаткам рэпрэсій.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі