У Дзятлаўскім раёне за "экстрэмізм" асуджана больш за дзесяць чалавек
Пракурор агучвае статыстыку
У Дзятлаўскім раёне за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" асуджана больш за дзесяць чалавек (для прыкладу — у Докшыцкім раёне амаль тры дзясяткі). Пра гэта паведаміў мясцовы пракурор Віталь Юрго. Верагодна, ён агучыў лічбу за 2024 год.
Пракурор Дзятлаўскага раёна завітаў у бібліятэку ў Дзятлаве, дзе праходзіў прававы прыём грамадзян. Ён нагадаў прысутным "аб забароне на падпіску на экстрэмісцкія сайты", піша раённая газета.
Раней пракуратура Дзятлаўскага раёна заклікала мясцовых жыхароў "кантраляваць свае падпіскі ў сацыяльных сетках", правяраць, ці няма сярод іх тых каналаў, якія прызнаюцца "экстрэмісцкімі". Днямі на пасяджэнні Дзятлаўскага райвыканкама гаварылі пра "экстрэмізм" у раёне. Было агучана, што за падпіску на тг-канал, прызнаны ў РБ "экстрэмісцкім", да адказнасці прыцягнулі жанчыну. "За экстрэмізм" у дзяржаўны вышук аб’явілі жыхара аграгарадка Гезгалы, які нібыта "заклікаў беларусаў да змянення канстытуцыйнага ладу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.