У Гродне дапыталі міліцыянта, пасля падзення якога быў затрыманы Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі ў Гродне / svaboda.org
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна дапыталі міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага. Пасля яго падзення на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую 29 мая ў Гродне быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.
Допыт адбыўся ў рамках разгляду крымінальнай справы аб інцыдэнце на пікеце. На лаве падсудных пакуль тры чалавекі, якіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Дваім іх іх — Яўгену Разнічэнку і Уладзіміру Кнізе — таксама высунутыя абвінавачванні ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўніки міліцыі, у тым ліку ўчастковы Уладзімір Казлоўскі.
Казлоўскі прасіў суд, каб яго дапытвалі ў закрытым рэжыме — матываваў тым, што баіцца за сябе і родных. Казаў, што пасля пікета ў траўні яму пачалі паступаць пагрозы. Аднак суд гэтае хадайніцтва адхіліў, перадае агенцтва БелаПАН.
У судзе Казлоўскі расказаў, што ў той дзень ён і ягоны калега ахоўвалі парадак на Савецкай плошчы ў "групе тлумачэння дзейнага заканадаўства" , гэта значыць павінны былі паведамляць прысутным аб неабходнасці насіць маскі і трымаць дыстанцыю.
У нейкі момант міліцыянт, па яго словах, пачуў жаночыя галасы і пайшоў у іх бок. Затым ён убачыў "слоўны канфлікт": жанчына ў кепцы з ружовым брыльком і леапардавых штанах звярталася да Сяргея Ціханоўскага, а той не хацеў адказваць.
Казлоўскі выслухаў жанчыну, а затым захацеў пачуць Ціханоўскага, але той пачаў адступаць. Міліцыянт схапіў яго за руку, каб, па яго словах, "прыцягнуць да сябе ўвагу", але вакол яго пачаў сціскацца натоўп, а потым ён адчуў удар у скронь.
"Я адчуваў, што губляю раўнавагу, мяне цягнуць назад. Я адчуў удар у жывот пад рэбрамі. Я пачаў задыхацца, у мяне перахапіла дыханне", — расказаў міліцыянт у судзе.
У выніку інцыдэнту ў яго адарвалі шаўрон і пашкодзілі новыя службовыя чаравікі. Сам ён апынуўся ў шпіталі з траўмай жывата.
Пры гэтым Казлоўскі настойвае, што затрымліваць Ціханоўскага "ніхто не спрабаваў, хацелі звярнуць на сябе ўвагу".
Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 мая на перадвыбарным пікеце ў Гродне. Спярша яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК). Потым дадаліся абвінавачванні ў перашкодзе працы ЦВК (арт. 191 КК) і распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (ч.3 арт. 130 КК).
Жанчына ў леапардавых штанах, пра якую ў судзе казаў Казлоўскі, Алена Кузьміна, у студзені расказала "Народнай Волі", што яна насамрэч ратавала Ціханоўскага ад смерці, а арганізатарам "усяго" было ФСБ.
Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.
Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно тут.