У Гродне палітвязня Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак арышту
1 ліпеня ў Гродне судзілі блогера і палітыка Сяргея Ціханоўскага. Як паведамляе Радыё Свабода, у абласным судзе (там справу разглядаў суд Ленінскага раёна) была поўная зала людзей (сярод іх — людзі ў цывільным). Ціханоўскі прысутнічаў там віртуальна — па відэасувязі. Ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска, праходзіць па крымінальнай справе аб "падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК).
Суд у Гродне разглядаў адміністрацыйную справу — аб непадпарадкаванні міліцыі. Менавіта ў гэтым горадзе 29 траўня блогер быў затрыманы (на відэа) падчас легальнага пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты яго жонкі Святланы Ціханоўскай. Анлайн з суда можна пабачыць тут.
Сяргей Ціханоўскі прызнаны палітвязнем.
Блогер віны не прызнаў і заявіў, што яго ніхто дагэтуль не азнаёміў з пратаколам.
"Вы [падчас затрымання 29 траўня ў Гродне] заламалі мне рукі і сарвалі з твару маску з надпісам "Страна для жизни", — цытуе svaboda.org словы Ціханоўскага, якія ён казаў сведку — камандзіру роты АМАПу Дзмітрыю Рахунку. — Навошта вы гэта зрабілі?". Аднак суддзя пытанне зняў, бо яно "недатычнае справы". "Вы не баіцеся, што беларусы вас тапкамі закідаюць, суседзі вашыя?" — задаў яшчэ адно пытанне без адказу палітвязень.
Рахунок не змог патлумачыць адвакату, чаму розныя працэсуальныя дакументы аднолькавыя, нават з паўторнымі граматычнымі памылкамі. Таксама ён не даў тлумачэння, чаму не захаваўся запіс затрымання Ціханоўскага, які ён зрабіў на відэа рэгістратар.
Суддзя Юрый Казакевіч вынес пастанову: Сяргея Ціханоўскага пакараць арыштам — 15 сутак.
Сьвятлана Ціханоўская: «Нейкая гульня вядзецца, мы правілаў ня ведаем» https://t.co/aDVNDWOpW1 pic.twitter.com/Mlxuuykw6r
— Радыё Свабода (@svaboda) June 30, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.