У Хоцімскім раёне загінуў рыбак, вуда якога зачапілася за лінію электраперадачы
У Хоцімскім раёне загінуў рыбак, вуда якога падчас няўдалага замаху зачапілася за лінію электраперадачы. Ён атрымаў смяротную траўму ад удару токам.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, няшчасны выпадак здарыўся ў нядзелю, 5 чэрвеня, на беразе ракі Бесядзь каля вёскі Трасціно. Загінуламу, жыхару Магілёва, было 39 гадоў. На месца выязджалі следчыя і эксперты. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза.
БЕЛТА дадае, што мужчына атрымаў смяротны разрад у 10 тысяч вольт. Яго сын застаўся жывы, дзякуючы таму, што знаходзіўся ў 15 метрах. Ён пачуў крык бацькі ды пабачыў яго нерухомае цела на зямлі. Хлопчык пабег да сваякоў у бліжэйшую вёску, якія і выклікалі хуткую. Аднак мужчыну выратаваць было ўжо немагчыма.