У Каліфорніі пачалася афіцыйная кампанія за аддзяленне ад ЗША
У амерыканскай Каліфорніі пачалася афіцыйная кампанія за аддзяленне ад Злучаных Штатаў. Прыхільнікі ідэі Calexit разлічваюць сабраць 600 тысяч подпісаў за правядзенне рэферэндуму аб выхадзе з ЗША. Збор подпісаў будзе доўжыцца 180 дзён.
Два дні таму міністр унутраных справаў Каліфорніі афіцыйна дазволіў распачаць гэтую працэдуру. Подпісы 600 тысяч чалавек — гэта 8 адсоткаў ад усяго насельніцтва штата. Калі гэта атрымаецца, то ў лістападзе 2018 года жыхары Каліфорніі спачатку прагаласуюць за адмену двух палажэнняў мясцовай канстытуцыі, згодна з якімі іх штат з’яўляецца неад’емнай часткай ЗША, а канстытуцыя Злучаных Штатаў — асноўным законам краіны.
Уласна рэферэндум аб аддзяленні ад ЗША можа адбыцца ўвесну 2019 года. Для Calexit патрэбная яўка сама меней паловы выбаршчыкаў, зарэгістраваных у штаце, і станоўчы адказ не меней за 55 адсоткаў удзельнікаў галасавання, паведамляе Нямецкая хваля са спасылкай на амерыканскія СМІ.
Ініцыятары аддзялення Каліфорніі ад ЗША падалі генпракурору штата петыцыю аб правядзенні рэферэндума ў лістападзе 2016 года, пасля перамогі Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта Злучаных Штатаў. За яго прагаласавалі толькі 31,5% каліфарнійцаў, у той час як за Хілары Клінтан аддалі галасы 61,5% удзельнікаў галасавання.
Паводле колькасці насельніцтва Каліфорнія — найбуйнейшы амерыканскі штат. Там пражывае 39 мільёнаў чалавек. Паводле плошчы тэрыторыі ён на трэцім месцы ў ЗША.