У Кіеве заклікаюць правесці ў Крыме антытэрарыстычную аперацыю
Яе ініцыюе фракцыя "Бацькаўшчына" ў Вярхоўнай Радзе.
Пра гэта з парламенцкай трыбуны 11 сакавіка заявіў выконваючы абавязкі кіраўніка згаданай фракцыі Сяргей Собалеў.
"Калі Расія вуснамі Пуціна не прызнае, што на тэрыторыі Крыму па-за месцамі дыслакацыі расійскіх войскаў ёсць іншыя фармаванні Расійскай Федэрацыі, гэта азначае, што на тэрыторыі Рэспублікі Крым знаходзяцца тэрарысты і таму павінны быць ужытыя адпаведныя захады па нейтралізацыі гэтых тэрарыстычных бандаў", — цытуе словы Собалева espreso.tv.
Дэпутат таксама адзначыў, што неабходна падтрымаць украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў заблакаваных часцях у Крыме.
Паводле Сяргея Собалева, міжнароднай падтрымкі замала, "ключавое пытанне — гэта нашыя з вамі дзеянні".
Тым часам Вярхоўная Рада заклікала Расію неадкладна вывесці свае войскі з Крыма, а гарантаў бяспекі — абараніць цэласнасць Украіны. Адпаведную пастанову падтрымалі 263 дэпутаты з 322 прысутных. Украінскі парламент заклікае Вялікабрытанію і ЗША выканаць свае абавязацельствы як краіны-ўдзельніцы Будапешцкага мемарандума. Прычым выкарыстаць не толькі дыпламатычныя, палітычныя і эканамічныя, але і ваенныя меры "для неадкладнага спынення агрэсіі і захавання незалежнасці суверэнітэта і існуючых межаў Украіны".
Фота — ria.ru