У Магілёве суд не задаволіў прэтэнзіяў міліцыі да блогера

У Магілёве суд не задаволіў прэтэнзіяў міліцыі да блогера

У Магілёве Ленінскі раённы суд не задаволіў прэтэнзіяў Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама да мясцовага блогера Аляксандра Ірхо. Праваахоўнікі вінавацілі адміністратара шэрагу суполак у сацыяльных сетках у нанясенні шкоды дзелавой рэпутацыі ведамства.

Як інфармуе Радыё Свабода, у лістападзе блогер размясціў у сацсетках матэрыял з ананімным апытаннем — "Якую суму грошай Вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці?". Прапаноўваліся варыянты адказаў. Гэтае апытанне і стала нагодай для звароту міліцыі ў суд. Пазоўнік даводзіў, што апытанне ўтрымлівала інфармацыю негатыўнага, паклёпніцкага і правакацыйнага характару, якая ўказвала на хабарніцтва ў шэрагах супрацоўнікаў ДАІ, атрымала шырокі грамадзкі розгалас. Праваахоўнікі спадзяваліся, што суд абавяжа адказніка апублікаваць выбачэнні за пашырэнне інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці і якою зняважаная дзелавая рэпутацыя ўпраўлення ўнутраных спраў.

Аднак суддзя Валянціна Лапаціна не пабачыла ў размешчаным Аляксандрам Ірхо апытанні звестак, якія б зневажалі дзелавую рэпутацыю пазоўніка. Сам блогер сваёй віны не прызнаваў, казаў, што не меў такой мэты, пра якую кажуць міліцыянеры. Разам з тым ён выбачыўся за некарэктнасць фармулёўкі пытання. Вынікі апытання Ірхо назваў "дзелавой крытыкай працы ДАІ".

Дарэчы, у згаданым апытанні, якое заставалася даступным удзельнікам суполак цягам дзвюх гадзін, паўдзельнічала 1739 чалавек. Паводле слоў Аляксандра Ірхо, 83% паведамілі, што ім не даводзілася плаціць супрацоўнікам ДАІ. Апытанне было выдалена на патрабаванне начальніка аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрыя Ігнатовіча, паведаміў у судзе блогер.

У Магілёве суд не задаволіў прэтэнзіяў міліцыі да блогера
Аляксандр Ірхо. Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі