У Мінску прадаюць расліны з Чырвонай кнігі, але парушэнне даказаць немагчыма

У Мінску прадаюць расліны з Чырвонай кнігі, але парушэнне даказаць немагчыма

З надыходам цяпла ў Мінску пачалі актыўна гандляваць чарамшой — раслінай, што знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай з 1964 года, а з 1981 года ўключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

“Тут ёсць нюансы, — тлумачыць прававыя магчымасці кіраўніца аддзела біялагічнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ксенія Панцялей. — Гэтыя гандляры маглі вырасціць чарамшу і на сваіх надзелах. У такім выпадку яны парушаюць выключна правілы гандлю, бо гандлююць у непрызначаным для гэтага месцы. Таму патэнцыйна не кожны, хто прадае чарамшу, браканьер. Мы пра браканьерства можам казаць толькі ў тым выпадку, калі схапілі яго падчас таго, як ён рваў чарамшу. Ці вывозіў яе з лесу без дакументаў”.

Лецішчы сёння ёсць амаль у кожнай сям’і. Таму ўзяць паперу, што ты маеш надзел, на якім можаш нешта вырошчваць — не праблема. А правяраць, ці сапраўды ў цябе расце чарамша, ніхто не будзе, ды і гэта амаль бессэнсоўна. Маўляў, заўсёды ж можна сказаць, што акурат усю выбраў.

Фота з FB

“Я вам шчыра скажу, ніхто столькі чарамшы на сваім участку не вырасціць, — шчыра кажа першая ж прадаўшчыца зеляніны. — Яна расце ў лясах на балоцістых мясцінах. Але ва ўсіх яна лясная. Калі скажуць, што свая, то не верце”.

Толькі на стыхійным кірмашы паміж “Камароўкай” і ГЦ “Імпульс” чарамшу прадае каля дзесяці чалавек, у кожнага вялікая спартовая сумка з зелянінай. Возяць яе з-пад Пухавіч ды Івацэвіч. У Мінску аддаюць знаёмым па аптовых коштах, а тыя ўжо гандлююць на вуліцы. Пучок чарамшы каштуе ў сярэднім 10 тысяч рублёў.

“Мы гэта бачым, безумоўна, — каментуе супрацоўніца мінскага гарадскога камітэта аховы навакольнага асяроддзя. — Я асабіста, калі падыходжу да метро і бачу іх, паказваю пасведчанне, кажу, што гэта незаконна, што гэта браканьерства… І што? Гэтая бабуля сабралася і пайшла. Ужыць закон я не магу. Таму камітэт выязджае сумесна з міліцыяй і падатковай на такія кропкі. Бо даказаць браканьерства, калі чалавек проста прадае нешта на вуліцы, немагчыма. Таму штрафуем за парушэнне правілаў гандлю. І тут ужо больш залежыць ад міліцыі і падатковай, а мы проста ходзім разам з імі”.

Гандляры рэдкай раслінай, відаць, ведаюць пра тое, што за браканьерства іх узяць немагчыма. Таму асабліва і не хаваюцца. Да таго ж, у іх свая праўда наконт чарамшы і Чырвонай кнігі.

“А вы ведаеце, што каб чарамшу выкапаць, трэба на штык рыдлёўкі капаць, і тое не факт, — перабіваючы адзін аднаго, адстойваюць сваю справу прадаўцы. — Людзі яе топчуць, а яна яшчэ лепш расце! А ў Чырвоную кнігу яе ўнеслі, бо лясніцтвы сябе жадаюць рэабілітаваць. Яны ж робяць гэтыя палосы, гандлююць лесам, а ў выніку сохнуць балоты, дзе гэтая чарамша расце. А калі яе акуратна рэзаць, то яна не знікае, карані ж застаюцца, мы ж рэжам толькі лісце”.

Кодэксам аб Адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф 20-50 базавых велічынь (4.2-10.5 мільёнаў рублёў) за самавольны збор ці знішчэнне раслін, якія ўключаныя ў Чырвоную кнігу. А за гандаль у месцах, дзе ён не прадугледжаны, штраф складзе толькі 2 базавыя велічыні (420 тысяч рублёў), але гэта за першы раз. У залежнасці ад ступені віны і колькасці тавару, ён можа вырасці і да 100 базавых (21 мільён), але наўрад ці гэта спрацуе ў выпадку з продажам чарамшы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі