У Мінску рыхтуюць новую сустрэчу кантактнай групы па Украіне (відэа)
Аднак дата яе правядзення пакуль невядомая. Раней прадстаўнікі Расіі, Украіны і АБСЕ не выключалі, што могуць сабрацца ў беларускай сталіцы 5 верасня.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, сустрэча мусіць пачацца а 14-й гадзіне ў пятніцу, 5 верасня.
А вось што паведаміў Дзмітрый Мірончык, прэс-сакратар МЗС Беларусі:
"Намі праводзяцца неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Міністэрства замежных спраў прымае заяўкі на акрэдытацыю ад зацікаўленых у асвятленні дадзенага мерапрыемства прадстаўнікоў СМІ".
Хто будзе ўдзельнічаць у чарговых мінскіх перамовах, таксама пакуль невядома.
Нагадаем, папярэдняя сустрэча прайшла ў Мінску 1 верасня ў фармаце Украіна — Расія — сепаратысты Данбаса — АБСЕ. Прадстаўнікі Кіева і самаабвешчаных рэспублік абмяняліся дакументамі з бачаннем шляхоў спынення канфлікту на Данбасе.
Фота — ria.ru