У Мінску пачаўся суд над удзельнікам "Маршу недармаедаў" (онлайн)

У Мінску пачаўся суд над удзельнікам "Маршу недармаедаў" (онлайн)

Астатнія сведкі на пасяджэнне не з'явіліся. Суд працягнецца 20 лютага а 10-й гадзіне раніцы.

16.15. Суд пачаў допыт наступнага сведкі — Аляксандра Мельнікава. Ён знаёмы Барановіча па працы.

Пракурор Сергіенка: Вам абвінавачаны казаў, што прымаў удзел у акцыі?

Мельнікаў: Па-мойму, не. Ен жа малы, што, будзе мяне жыццю вучыць?

Пракурор Сергіенка: Як можаце ахарактарызаваць Барановіча?

Мельнікаў: Ну, усялякае бывала, мы ж мужыкі! Ён два мяхі нясе, я — адзін.

Пасля гэтага сведка пачаў блытацца ў паказаннях. Суддзя зачытала ранейшыя паказанні Мельнікава. У іх мужчына распавядаў следчаму, што Барановіч гаварыў яму, як падчас патасоўкі каля тралейбуса стукнуў кагосьці ў спіну.

Суддзя: Вы пацвярджаеце, што казалі гэта?

Мельнікаў: Можа і казаў.

Суддзя: Вы давалі гэтыя паказанні?

Мельнікаў: Ну, даваў, даваў!  Нібыта яны штосьці зменяць.

Абвінавачаны сказаў, што сапраўды праз некалькі тыдняў пасля акцыі распавядаў Мельнікаву пра тое, што адбылося каля тралейбусу.

16.04. Суддзя зачытвае паказанні Максіма, якія ён даў падчас следства. У іх Максім казаў, што Святаслаў адмоўна ставіцца да беларускай улады, прэзідэнта, а таксама да міліцыі і калі б у яго была магчымасць, "то ён бы ўсіх праваахоўнікаў расстраляў". Але разам з тым ніякай непрыязнасці да міліцыянераў не мае.

Суддзя Бандарэнка: Ці пацвярджаеце вы сведчанні, якія давалі раней?

Максім: Часткова пацвярджаю.

15.56. Пракурор Сергіенка: Як можаце ахарактарызаваць абвінавачанага?

Максім: Спакойны... Але ў некаторых сітуацыях не тое, што запальчывы... Можа адстаяць сваю кропку гледжання.

Суддзя Бандарэнка: Калі па-прастому, вы характэрызуеце яго адмоўна ці станоўча?

Максім: Станоўча.

***

15.50. Жанчына, якая прыйшла падтрымаць Святаслава, пачала падказваць Максіму: "Скажы, што ён абараняў людзей". Суддзя выдаліла яе з залы.

Пасля гэтага яшчэ адзін чалавек з зала запытаў у Максіма: "Вы ўвогуле сведка чаго?". Не атрымаўшы адказу, ён выйшаў з зала суда.

***

15.45. Дапытваюць знаёмага Барановіча — Максіма. Сведка знаёмы з Святаславам з 2015 году. Раней яны працавалі разам, але з траўня 2017 года хлопцы кантактаваць перасталі. 

Пракурор Сергіенка пытае, ці вядома Максіму, што абвінавачаны ўдзельнічаў у мітынгу 15 сакавіка.

Максім: Ён распавядаў мне, што пойдзе на мітынг, каб падтрымаць працоўны клас... Нешта такое, не ведаю. Распавядаў, што нібыта там адбылася сутычка з міліцыяй... Што там група маладых людзей была, што жанчына крычала, маўляў, чаго вы іх б'еце. Слава казаў, што ён дапамагаў маладым людзям.

Сергіенка: Ці распавядаў ён, што ўжываў гвалт у адносінах да кагосьці?

Максім: Распавядаў, што бойка была. Я не памятаю дакладна, што Святаслаў распавядаў.

***

15.40. Суд праглядае два відэа з рэчыўных доказаў — "Бойка анархістаў" і "КДБ".

Суддзя Бандарэнка: Абвінавачаны, вы пазналі сябе на гэтым відэа?

Барановіч: Так.

Суддзя: Прыкладна з 15-й секунды бачна, што чалавек у чырвонай куртцы наносіць удары. Абвінавачаны, вы не адмаўляеце, што гэта вы?

Барановіч: Не.

***

15.15. Наступны сведка Уладзіслаў Мірановіч таксама бачыў Барановіча спачатку каля кінатэатра "Кастрычнік", а пасля каля тралейбуснага прыпынку на плошчы Бангалор. Момант, калі Паўлава білі ў спіну, ён не бачыў.

Мірановіч: Калі б я ўбачыў, што нашаму супрацоўніку наносяць удары, то я б кінуўся яго даганяць.

Пасля інцыдэнту, кажа Мірановіч, да яго падыйшоў пацярпелы Паўлаў і запытаў, ці бачыў той, хто біў яго ў спіну.

***

15.10. Пракурор Валерыя Сергіенка ўдакладніла ў сведкі, ці бачыў ён Барановіча раней. Гіль паведаміў суду, што заўважыў яго  яшчэ каля кінатэатра "Кастрычнік", дзе пачынаўся  "Марш недармаедаў".

Гіль: "Прыбылі на плошчу Бангалор у раёне 7 гадзін вечара. Быў збор людзей на мерапрынемстве, мы там таксама неслі службу".

У натоўпе людзей каля тралейбуса, па словах сведкі, ён убачыў, як яго калегу б'е ў спіну абвінавачаны. 
Суддзя Святлана Бандарэнка запытала, як Гіль даведаўся, што гэта дакладна быў супрацоўнік міліцыі. 

Гіль: На ім была грамадзянская міліцэйская форма — цёмна-сіняя куртка і спартовыя штаны. Або вы маеце на ўвазе, ці ведаў я яго? Так, ведаў.

Суддзя заўважыла супярэчнасці ў паказаннях сведкі. На сённяшнім пасяджэнні Гіль сказаў, што не ведае, з якой прычыны пацярпелы Арцём Паўлаў апынуўся ў натоўпе каля тралейбуса разам з анархістамі. У сведчаннях, якія даваў падчас следства, ён выказаў здагадку, што ў Паўлава было заданне — суправаджаць анархістаў у тралейбусе.

***

14.50. Дапыталі двух сведкаў-амонаўцаў — Юрыя Гіля і Уладзіслава Мірановіча.  Астатнія сведкі пакуль не прыйшлі, таму цяпер суд знаёміцца з рэчавымі доказамі.

Абодва сведкі сцвярджаюць, што бачылі Барановіча на мітынгу 15 сакавіка 2017 года. Гіль сцвярджае, што ў той вечар каля 19-й гадзіны быў на плошчы Бангалор са сваім напарнікам. Прыкладна ў гэты ж час ён заўважыў бойку каля тралейбуса, у якой у тым ліку ўдзельнічаў, па яго словах, абвінавачаны Барановіч.

***

У Маскоўскім судзе Мінска 15 лютага пачаўся працэс над Святаславам Барановічам. Яго вінавацяць у збіцці міліцыянта 15 сакавіка 2017 года пасля "Марша недармаедаў" у Мінску. 

Як паведамлялася раней, міліцыянты ў цывільным сталі затрымліваць на прыпынку на вуліцы Багдановіча анархістаў, якія вярталіся з вулічнай акцыі. Затрыманых садзілі ў аўтамабілі без апазнавальных знакаў міліцыі. Паводле некаторых звестак, Барановіч супраціўляўся неапазнаным асобам, якія пачалі масавыя затрыманні. За збіццё міліцыянта яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 

У першай палове дня былі агучаныя матэрыялы справы і дапыталі дзвюх сясцёр Барановіча. Пасля абеда ідзе допыт сведкаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі