У Мінску затрымалі хлопца за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG
У Мінску міліцыянты затрымалі дома 27-гадовага Андрэя Пархоменку. Прычынай затрымання стала бел-чырвона-белая скрынка ад тэлевізара LG на гаўбцы, пішуць праваабаронцы "Вясны".
У міліцыі на Пархоменку склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Міліцыянты напісалі, што ён "у нявызначаны перыяд часу прыняў удзел у пікетаванні, размясціўшы папяровае палатно бел-чырвона-белага колеру на шкле гаўбца".
Мінчук заявіў, што каробка засталася ад папярэдніх жыхароў. У справе было чорна-белае фота скрынкі, таму суддзя Юлія Інчына папрасіла ў міліцыянтаў каляровае відэа.
На відэа яна пабачыла, што на акне ў Пархоменкі вісіць яшчэ нейкі малюнак з белым і чырвоным колерамі. Ён адказаў, што гэта герб Лепеля, на якім ёсць таксама сіні і жоўты колеры.
У выніку суддзя адправіла справу на дапрацоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.