У Мінюсце "зачыстку" грамадзянскай супольнасці назвалі "інвентарызацыяй"
21 красавіка міністр юстыцыі, генерал Сяргей Хаменка, даў Аляксандру Лукашэнку справаздачу пра сваю дзейнасць. Ён адзначыў зніжэнне колькасці грамадскіх аб'яднанняў. За паўгода дзейнасці Хаменкі было ліквідавана 116 грамадскіх аб'яднанняў. Гэтая акцыя атрымала ў недзяржаўных СМІ назву "зачысткі" ці разгрому грамадзянскай супольнасці. Генерал лічыць, што насамрэч гэта была "інвентарызацыя", якая праводзілася "органамі юстыцыі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі".
Міністр юстыцыі паведаміў, што на сённяшні дзень у краіне існуе тая ж колькасць палітычных партый — 15. Аднак Мінюст "працягне працу па ўдасканаленні заканадаўства па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў". Значыць, "зачыстка" не спыніцца.
Лукашэнка сказаў Хаменку, што "людзям трэба патлумачыць панятак "грамадзянская супольнасць" і дакладна адлюстраваць гэта ў заканадаўстве". Выказаўся ён і пра адвакатаў. Яны павінны быць "дзяржаўнымі людзьмі".
Намеснік міністра ўнутраных спраў Сяргей Хаменка стаў міністрам юстыцыі ў кастрычніку мінулага года. "Зачыстка" грамадзянскай супольнасці Беларусі актыўна праводзілася яшчэ яго папярэднікам — Алегам Сліжэўскім.
"Пад эгідай добрых спраў рабілі справы, якія падрывалі асновы нашай дзяржавы", — так Хаменка ў снежні 2021-га тлумачыў на тэлебачанні, чаму "выразаюцца" НДА. Сёлета ён заявіў, што Мінюст змагаецца з нейкімі "нацменаўскімі ячэйкамі". Ліквідавалі нават прыродаахоўную арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
"Зачыстка" НДА ў Беларусі — адна з прычын накладання санкцый на афіцыйны Мінск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.