У Празе выканалі кантату, напісаную Моцартам і Сальеры

У Празе выканалі кантату, напісаную Моцартам і Сальеры

Кантата Вольфганга Амадэя Моцарта, якая цягам 200 год лічылася страчанай, была выкананая ў Празе. Адметна, што сааўтарам гэтага твору быў Антоніа Сальеры, якога здаўна лічылі сапернікам Моцартам і нават абвінавачвалі ў атручэнні зальцбургскага генія. Таксама да напісання кантаты спрычыніўся невядомы дагэтуль кампазітар Карнэці.

Кароткі чатыроххвілінны музычны твор пад назвай “Per la ricuperata salute di Ophelia” (“На выздараўленне Афеліі”) знайшлі ў лістападзе мінулага года ў архівах Чэшскага музея. У аўторак яе выканалі на клавесіне.

Ноты гэтага сачынення, напісанага ў 1785 годзе, былі набытыя ў сярэдзіне ХХ стагоддзя разам з каталогам працаў вядомага венскага прыдворнага лібрэтыста Ларэнца да Понтэ. Ініцыялы аўтараў музыкі былі зашыфраваныя, і супрацоўнікі музея толькі нядаўна змаглі зразумець, каму яны належаць, паведамляе ВВС.

Легенда пра тое, што Сальеры быў канкурэнтам Моцарта і нават атруціў яго, даўно абвергнутая гісторыкамі, але ж яна засталася папулярнай у мастацтве і кіно. Менавіта на гэтай легендзе пабудаваны сцэнарый фільма Мілаша Формана “Амадэус”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі