У расійскай стаматалогіі паўсталі праблемы з абязбольвальным, цэментам і борамі
У расійскіх стаматолагаў (і пацыентаў) узніклі праблемы з якаснымі матэрыяламі для лячэння зубоў / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Расійскія стаматолагі скардзяцца на складанасці з закупкай прэпаратаў і матэрыялаў для лячэння зубоў, піша РБК. Праблемы ўзніклі праз адыход з расійскага рынку пасля пачатку вайны заходніх кампаній. Так, амаль не стала амерыканскага мясцовага абязбольвальнага "Убістэзіну" — гэта быў адзін з самых папулярных прэпаратаў на расійскім рынку. Клінікі пераходзяць на расійскі аналаг "Артыкаін-Бінергія", але з ім ёсць складанасці.
"У выпадку з "Убістэзінам" для дасягнення неабходнага эфекту патрабавалася ўсяго адна карпула прэпарату. Цяпер нам даводзіцца ўколваць тры-чатыры карпулы, што ўяўляе некаторую нязручнасць для пацыента і доктара", — кажа заснавальніца адной са стаматалагічных клінікі Луіза Аўтандылян.
Акрамя таго, у Расію перастаў пастаўляцца цэмент "Вітрэмер". Яго выкарыстоўваюць пры лячэнні зубоў у дзяцей і дарослых. І аналагаў такога цэменту на расійскім рынку няма. Медыкі цяпер вымушаныя абнаўляць пратаколы лячэння зубоў, "але на пазнаванне і пошук новых стаматалагічных матэрыялаў затрачваецца значная колькасць часу", цытуе выданне стаматолага-тэрапеўта з Санкт-Пецярбурга Ірыну Лукашонак.
Перасталі пастаўляцца і шліфавальныя дыскі кампаніі "3М", а расійскія аналагі і тут саступаюць імпартным матэрыялам па якасці. "Абразіўнасць дыскаў нізкая, і для першаснай шліфоўкі пломбы патрэбны не адзін дыск, а два і больш, што робіць лячэнне даражэйшым і павялічвае яго тэрмін", — кажуць спецыялісты. Праблемы ёсць і з стаматалагічнымі борамі і фрэзамі.
Выданне адзначае, што цяпер пастаўкі з-за мяжы ідуць з вялікімі затрымкамі, пастаўшчыкі не могуць прагназаваць дакладныя тэрміны. Некаторыя замежныя дылеры перайшлі на стоадсоткавую перадаплату. Пры гэтым расійскія дактары ўпэўненыя, што расійскія вытворцы не змогуць закрыць патрэбы рынку. "Калі раптам сапраўды закрыюцца пастаўкі, у тым ліку паралельны імпарт, па вельмі многіх пазіцыях не тое што расійскіх аналагаў не знойдзем добрай якасці, але і кітайскіх. Гэта значыць, многія пазіцыі замяніць проста не будзе чым", — заявілі суразмоўцы выдання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.