У Рэчыцы 3 тыдні шукалі, хто сарваў сцяг з мясцовай юрыдычнай кансультацыі
Сцяг, які вісеў ля адвакацкай канторы, знік ноччу
Сур'ёзнае расследаванне арганізавала рэчыцкая міліцыя па факце сарванага сцяга з будынка мясцовай юрыдычнай кансультацыі. Сцяг знік у канцы кастрычніка. Яго пазней знайшлі камунальнікі — палотнішча было прывязанае да слупа дарожнага знака. А супрацоўнікі міліцыі разам з ГУБАЗіК тры тыдні шукалі таго, хто ж яго зняў.
Перш за ўсё пайшлі да тых, каго раней прыцягвалі паводле "пратэсных" артыкулаў, — "апрацавалі больш за 50 асоб", у тым ліку жыхароў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Было "адгледжана сотні гігабайт відэазапісаў з камер вонкавага назірання".
Парушальніка знайшлі — "у выніку карпатлівай працы", як адзначаюць у МУС. Прычым пошукамі займаўся ГУБАЗіК. Парушальнікам аказаўся мясцовы жыхар, які ў той вечар выпіваў у бары і па дарозе дадому сарваў сцяг. Раней у яго былі адміністрацыйныя спагнанні, у тым ліку за язду ў нецвярозым стане. Цяпер на яго завялі крымінальную справу.
У МУС таксама адзначылі, што адначасова затрымалі "яшчэ больш за дзясятак грамадзян", у тым ліку "за экстрэмісцкую" дзейнасць. Сярод затрыманых аказаўся і былы супрацоўнік юрыдычнай кансультацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.