У слуцкім аўтобусе злоўлены "заяц" з'еў фальшывы праязны

Фальшывы праязны ў Слуцку / kurjer.info
Фальшывы праязны ў Слуцку / kurjer.info

У Слуцку кандуктарка, якая працуе на маршруце гарадскога аўтобуса №6, злавіла на гэтым тыдні двух пасажыраў з фальшывымі праязнымі, піша kurjer.info.

Валянціна Дземідовіч працуе кандуктаркай ужо 20 гадоў, таму лёгка распазнае падробку. На днях ёй падаўся падазроным праязны квіток аднаго з пасажыраў. Жанчына папрасіла паказаць дакумент бліжэй і пабачыла, што ён падроблены. Тады пасажыр, якому на выгляд было каля 45 гадоў, вырваў праязны з рук кандуктара, запхнуў у рот і з'еў.

На наступны дзень кандуктарцы зноў трапіўся фальшывы праязны. Цяпер з ім ехала жанчына прыкладна такога ж веку, як і мужчына. Нумар на гэтай падробцы быў такі ж, як і на першай. Таму кандуктар мяркуе, што фальшыўку маглі зрабіць на каляровым ксераксе.

Кандуктарка забрала праязны ў жанчыны і паведаміла пра гэта начальству. Па яе словах, апошні раз яна сустракала падробкі гадоў дзесяць таму. Тады іх рабілі зусім маладыя людзі.

У аўтобусным парку №2 цяпер разбіраюцца з сітуацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі