У Віктара Бабарыкі збоі ў сэрцы, а Ігар Лосік рэзаў сабе шыю — BELPOL
Віктар Бабарыка
Аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL атрымала трывожныя весткі пра палітвязняў у Наваполацкай папраўчай калоніі №1.
Па іх звестках, Віктара Бабарыку па-ранейшаму трымаюць аднаго ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). У яго ёсць праблемы са здароўем — збоі ў працы сэрца.
Таксама BELPOL паведамляе акалічнасці таго, як Бабарыка ў ноч на 25 красавіка трапіў у бальніцу. Да яго, нібыта, прыязджалі на "прафілактычную гутарку" сілавікі, якія не ўваходзяць у персанал калоніі. "Гутарка" перарасла ў жорсткую акцыю застрашвання, пасля якой палітвязня даставілі ў лякарню.
Таксама ў ПКТ Наваполацкай калоніі трымаюць Ігара Лосіка, але не адзін — за ім назіраюць іншыя зняволеныя. Як і Бабарыка, Лосік знаходзіцца ў "інфармацыйным вакууме": абодвум забароненыя наведванні адвакатаў і спатканні са сваякамі, карэспандэнцыю ім не перадаюць.
У ПКТ Ігар трапіў пасля правакацыі адміністрацыі. Яго спрабавалі прымусіць прыбіраць санвузел, што для зняволенага аўтаматычна азначае "нізкі сацыяльны статус". На знак пратэсту Лосік парэзаў сабе шыю. Праўда, цяжкіх пашкоджанняў не атрымаў. У BELPOL падкрэсліваюць, што гэта не першая спроба суіцыду з боку Лосіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.