У Вільні расказалі, як расіянка Сабчак змагла ўехаць у Літву
Ксенія Сабчак / yandex.ru
Расійская журналістка Ксенія Сабчак змагла ўехаць на тэрыторыю Літвы дзякуючы ізраільскаму пашпарту. Пра гэта піша агенцтва Delfi са спасылкай на кіраўніка Дэпартамента дзяржбяспекі Даруса Яўнішкіса.
"Яна знаходзіцца ў Літве. Як грамадзянцы Ізраіля з ізраільскім пашпартам ёй не патрэбная віза. Яна можа прыехаць сюды, знаходзіцца тут, калі я не памыляюся, 90 дзён", — сказаў Яўнішкіс. Паводле яго слоў, у яго ведамства няма звестак, што Сабчак можа пагражаць бяспецы Літвы. "Калі б былі такія звесткі, то былі б зробленыя адпаведныя захады", — адзначыў Яўнішкіс.
Нагадаем, краіны Балтыі закрылі ўезд на сваю тэрыторыю для расіян з турыстычнымі візамі ў сярэдзіне верасня.
Пра ператрус у доме Сабчак у Падмаскоўі стала вядома напярэдадні. Сілавікі прыйшлі да яе ў сувязі з затрыманнем яе камерцыйнага дырэктара Кірыла Суханава. Першапачаткова паведамлялася, што ў Сабчак працэсуальнага статусу няма, аднак пазней у расійскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што Сабчак таксама праходзіць падазраванай у справе, і ёсць пастанова аб яе затрыманні. Журналістку, як і яе камерцыйнага дырэктара, падазраюць у вымагальніцтве ў дзяржкарпарацыі "Растэх". Следства мяркуе, што яны патрабавалі ў бізнэсоўцаў і чыноўнікаў грошай за нераспаўсюд у Telegram негатыўнай інфармацыі пра іх. Праўладны расійскі Telegram-канал "112" сцвярджаў, што пацярпелым па гэтай справе выступае Васіль Броўка — дырэктар па асаблівых даручэннях дзяржкарпарацыі "Растэх" і муж Ціны Кандэлакі. Сама Сабчак назвала гэтыя абвінавачванні "трызненнем, смехам і нонсэнсам", а таксама абвінаваціла расійскія ўлады ў ціску на СМІ.
"Спадзяюся, што цяпер ва ўсім хутка разбяруцца і пераканаюцца, што ўсё гэта нейкая лухта. Калі не, то відавочна, што гэта аблава на маю рэдакцыю — апошнюю свабодную рэдакцыю ў Расіі, якую трэба было прыціснуць", — напісала ўчора позна вечарам у Telegram Ксенія Сабчак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.