У ЗША памёр студэнт, якога вызвалілі з турмы ў Паўночнай Карэі
У ЗША памёр студэнт, якога ўдалося вызваліць з турмы ў Паўночнай Карэі. 23-гадовы Ота Уормбір правёў у зняволенні 15 месяцаў. На радзіму яго прывезлі ў стане комы 13 чэрвеня (Пхеньян заявіў, што вызваліў яго “з гуманных меркаванняў”), шпіталізавалі ў бальніцы горада Цынцынаці ў штаце Агаё. Прэзідэнт Дональд Трамп асудзіў “жорсткасць паўночнакарэйскага рэжыму”. Улады ЗША ўсклалі адказнасць за смерць амерыканца на КНДР, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Уормбір прыехаў у Паўночную Карэю ў снежні 2015 года з Пекіна ў складзе турыстычнай групы. Перад ад’ездам яго арыштавалі. Праз два месяца на відэакамеру амерыканскі студэнт заявіў, што яго арыштавалі за спробу скрасці з гасцініцы агітацыйны плакат. У сакавіку 2016-га Ота Уормбір быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні дзяржаўнага злачынства і асуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення.