Украінца не выпусцілі з Беларусі за 15 літраў паліва ў бензабаку

Жыхар Кіева Андрэй Шаўчэнка (не той самы знакаміты футбаліст, а яго поўны цёзка) наведаў Беларусь на ўласным аўтамабілі. Раней у нашай краіне ён асабліва не гасцяваў. 29 траўня ўкраінец паспяхова вярнуўся дадому. А праз два дні зноўку вырашыў паехаць у Беларусь, каб у тым ліку наведаць выставу “Белагра-2015”.

Прабыўшы ў нас літаральна пару дзён, Андрэй зноў накіраваўся дадому. Калі прыехаў на мяжу, у бензабаку плёскалася каля 15 літраў паліва. Шаўчэнка не ведаў, што паводле нашых законаў паўторна перасекчы мяжу ён мог толькі праз восем дзён пасля таго, як вяртаўся дадому ў папярэдні раз. У выпадку Андрэя не прайшло і тыдня.

“І беларускія мытнікі павярнулі мяне назад. Спаслаліся на закон аб вывазе паліва, хоць у мяне было ўсяго 15 літраў. Асабліва нічога не тлумачылі. Справа ў тым, што калі ўязджаў, мяне не праінфармавалі, што я магу вярнуцца на сваёй машыне толькі праз восем дзён. Я пра гэта і не падазраваў, ніколі з такім не сутыкаўся”, — здзіўляецца стомлены Беларуссю турыст.

Здзіўлены і абураны Андрэй Шаўчэнка пачаў вандраваць па памежных пунктах, але выехаць так і не змог. Паспрабаваў сунуцца праз нашых усходніх суседзяў. Але там яго не выпусцілі ўжо расійскія памежнікі  — не было штампу, што пакінуў Беларусь.

“Давялося ехаць у Гомель і ісці на прыём да начальніка з мытні. Ён патлумачыў, што я магу вяртацца ў Кіеў, але без машыны. Па аўтамабіль магу вярнуцца, калі пройдзе восем дзён”, — згадвае Шаўчэнка.

Пастанова Савета міністраў, якая абмяжоўвае вываз паліва з Беларусі, з’явілася ў 2011 годзе ў разгар валютнага крызісу. Тады разбежка цэнаў на бензін і дызпаліва ў параўнанні з краінамі Еўрасаюза была істотнай. Таму так званыя “саляравозы” як ніколі актыўна вывозілі ў “Фальксвагенах” паліва і шмат зараблялі на розніцы. Пакуль не з’явілася адпаведная пастанова, якая гэты бізнес спыніла. Праўда, пастанова №753 дазваляе парушаць правіла васьмі дзён у выпадках, калі чалавек перасякае мяжу на машыне з прычыны вучобы, працы, трагічных падзеяў і гэтак далей. Але Андрэй Шаўчэнка ўязджаў як самы шараговы турыст.

Дарэчы, сёння цана паліва ў Беларусі і Украіне супастаўная. Але, як бачым, Андрэю гэта не дапамагло. Сітуацыя для замежніка выглядае вельмі дзіўнай і нязручнай.

Праўда, ва ўкраінца быў яшчэ адзін варыянт: заплаціць за 15 літраў беларускага бензіну экспартную пошліну. Але для гэтага трэба ехаць у буйны горад, у спецыяльны пункт мытнага афармлення.

“Неабходна падаць экспартную дэкларацыю на тавары, і ў выпадку паспяховага афармлення можна выязджаць з Беларусі больш чым раз на восем сутак. Сама асоба не запоўніць гэтую дэкларацыю, трэба звярнуцца да мытнага прадстаўніка. Калі дэкларацыя будзе пададзеная належным чынам, працэдуру магчыма здзейсніць цягам дня”, — тлумачыць Кацярына Шатохіна, галоўны інспектар упраўлення арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі.

Цікавімся у брэсцкім філіяле “Белмытсервіса”, ці лёгка заплаціць экспартную пошліну за 15 літраў 92-га бензіну. Мытны прадстаўнік, які здымае слухаўку, спачатку бянтэжыцца ад нашага пытання, але потым паведамляе, што паслуга за афармленне мытнай дэкларацыі каштуе 141 тысячу рублёў.

“Калі заплаціце за 15 літраў бензіну два долары пошліны, гэта будзе аж занадта, — раіць спецыяліст і тут жа папярэджвае пра магчымыя цяжкасці: — Аплата на рахунак мытні з банка можа ісці тры дні, калі, напрыклад, праводзіць аперацыю ў пятніцу. Пакуль на мытні не пабачаць, што грошы паступілі, няма нават сэнсу туды прыязджаць. Відаць, таму мала хто з замежнікаў да нас з такой просьбай звяртаецца”.

Фота easy-going.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі