Украінскі палкоўнік — Кіеву: Не будзе рашэння, мы адкрыем агонь (відэа)
Камандзір 204-й брыгады тактычнай авіяцыі ў Бельбеку палкоўнік Юлій Мамчур звярнуўся да кіраўніцтва Украіны, міністэрства абароны і генштаба.
Як вядома, яго частка заблакаваная расійскімі вайскоўцамі, якія перадаюць украінцам ультыматумы і патрабуюць перайсці на бок "крымскага ўраду". У відэазвароце Мамчур нагадаў пра гэты пастаянны ціск і што яны вялізнымі намаганнямі не паддаюцца на правакацыі і не выкарыстоўваюць зброю.
"Але з кожным днём ультыматумы вайскоўцаў узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі набываюць усё больш жорсткі характар", — адзначае палкоўнік. Таму, "каб не адбылося сутыкненняў з выкарыстанеем зброі", вайскоўцы просяць Кіеў у самыя кароткія тэрміны "прыняць узважанае рашэнне пра далейшыя дзеянні камандзіраў вайсковых часцей у выпадках прамой пагрозы асабістаму складу, членам сем'яў вайскоўцаў, грамадзянскаму насельніцтву". Гэтае рашэнне палкоўнік Мамчур просіць "давесці ў дырэктыўнай форме да ўсіх камандзіраў вайсковых часцей, якія дыслакуюцца ў Аўтаномнай рэспубліцы Крым".
"У выпадку не прыняцця вамі адпаведных рашэнняў, мы будзем вымушаныя дзейнічаць у адпаведнасці са статутам Узброеных сілаў Украіны, аж да адкрыцця агня", — гаворыцца ў звароце. Пры гэтым украінскія афіцэры ўсведамляюць, што доўга не змогуць супрацьстаяць пераўзыходзячым сілам праціўніка. Але гатовыя стаяць да канца.
Нагадаем, што менавіта палкоўнік Мамчур пад украінскім сцягам вёў сваіх бяззбройных вайскоўцаў на ўзброеных расійскіх байцоў, якія стралялі ў паветра. Відэа гэтага гераічнага ўчынку пабачылі па ўсім свеце.