Ул.Мацкевіч:“Разгон дэманстрацыі – мэсыдж для беларускага народу і Захаду"

Анастасія: “Яны сталі з абодвух бакоў, людзей узялі ў кола і сталі душыць. У мяне ўсе рукі баляць, уся грудная клетка”.
Аўгіння: “Мяне прыдушылі і проста запіхнулі туды. Я стала патрабаваць, каб выклікалі хуткую дапамогу, або выпусцілі. Я ўступілася за аднаго хлопца з “Маладога Фронту”. Яго душылі і білі. Ён там ляжыць і ледзьве дыхае”. Анастасія і Аўгіння – напэўна адзіныя, каму ўчора падчас разгону акцыі, прысвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, удалося вызваліцца з аўтазакаў. Іншым пашчасціла не так. Больш за 100 чалавек затрымана. Сярод іх – не толькі ўдзельнікі акцыі, аднак і журналісты, а таксама выпадковыя мінакі.

Мітынгоўцы планавалі сустрэцца на плошчы Якуба Коласа, каб ускласці кветкі да помніка паэта. Аднак міліцыя перакрыла плошчу, і грамадскі транспарт там таксама не спыняўся. Дэманстранты рушылі ў бок плошчы Перамогі.

Некалькі разоў амапаўцы сілай спрабавалі разарваць калону. І на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова праваахоўнікі жорстка парасцягвалі мітынгоўцаў па аўтазаках.

Еўрарадыё задалося пытаннем: навошта была такая жорсткасць? Папярэднія не менш шматлюдныя акцыі прадпрымальнікаў праходзілі мірна. Палітолаг Уладзімір Мацкевіч бачыць у дзеяннях АМАПу паказушнасць у першую чаргу датычна саміх беларусаў:

“Гэта дэманстрацыя таго, што стасункі з Захадам — гэта нашыя (уладаў) стасункі. Святкаванне ці прызнанне свята 90-годдзя БНР – гэта нашая справа. І ўвогуле, грамадства і грамадзянская супольнасць павінны заткнуцца і рабіць толькі тое, што гаворыць улада”.

Аднак на думку Уладзіміра Мацкевіча, у дзеяннях праваахоўных органаў быў мэсідж і для Захаду:

“Захаду яшчэ даецца зразумець: у вас жа няма ілюзіяў, наколькі наш рэжым дэмакратычны і ліберальны? Пагаршэння адносінаў яны не баяцца. Яны проста паказваюць яшчэ больш. І вам з гэтым давядзецца лічыцца, калі вы хочаце з намі дамаўляцца. А мы думаем, што вам хочацца з намі дамаўляцца. То дамаўляйцеся з намі з такімі, якія мы ёсць”.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі лічыць, што ўлады такім чынам спрабуюць напужаць народ. Аднак такія дзеянні маюць адваротны эфект.

Лявон Баршчэўскі: “Я думаю, што тут ёсць доля нашай віны. У тым сэнсе, што чым больш народу выходзіць на акцыю, тым больш спакойна паводзіць сябе міліцыя. З другога боку, гэта, канечне, сведчанне пра страх і слабасць гэтай улады. Калі яна думае, што такім спосабам яна запужае ўсіх, і больш ніхто не будзе выходзіць. Безумоўна не напужае”.
А вось рэдактар грамадска-палітычнага часопісу “Беларуская думка” Вадзім Гігін увогуле сумняваецца, што разгон дэманстрацыі быў жорсткім. Ён лічыць, што нашая міліцыя заўсёды паводзіць сябе тактоўна.

Вадзім Гігін:
“Я не бачыў. Можа быць людзі такую рэакцыю справакавалі. Інтэрнэту ж не будзеш гэтаму давяраць”.

ЕРБ: Ну вы бачылі фотаздымкі ці відэасюжэты якія-небудзь адтуль?

Вадзім Гігін: “Ну яны ўсе размытыя. Таму аб чым тут казаць?..”

Вынік разгону дэманстрацыі – дзесяткі збітых людзей, паламаныя сцягі і арышты. Аднак тыя, каму ўдалося ўратавацца ад АМАПу, памяталі, што 25-га сакавіка – гэта перш за ўсё свята, Дзень Волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі