"Усю сваю кроў за Беларусь!" — Алесь Бяляцкі пра Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін / vytoki.net
Алесь Пушкін / vytoki.net

Беларускі палітвязень і мастак Алесь Пушкін памёр у Гродне "ў рэанімацыі пры невысветленых абставінах" у 57 гадоў. Вось што пра яго пісаў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, цяперашні палітвязень:

"Перформансы Пушкіна заўсёды ўражвалі сэнсавай прадуманасцю, шчырасцю задумы і нечаканасцю мастацкага ўвасаблення. Напрыклад, 25 сакавіка 1989 года на ўгодкі БНР. Мяне ўразіў не столькі Алесь — як вол у ярме, абвешаны плакатамі з рэвалюцыйнымі на той час лозунгамі: "Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!", колькі запомнілася ягонае атачэнне — маладзенькія дзяўчаткі, апранутыя ў белыя шлюбныя сукенкі з папяровымі крыламі. Хутка з'явілася міліцыя, Алесю заламалі рукі, плакаты паляцелі ў розныя бакі. Гэта было моцна!

За тое мастак атрымаў два гады ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам. Ад рэальнай турмы яго выратавала служба ў Афганістане. Савецкія ўлады "афганцаў" тады шанавалі і за проста так не адпраўлялі ў зняволенне.

Я ніколі не забудуся на карціну-перформанс, якую Алесь выставіў праз тры месяцы на першым з'ездзе Беларускага Народнага Фронту. Гэта быў бела-чырвона-белы сцяг з чырвонай паласой, намаляванай ягонай крывёй. Кроў на паветры пабурэла, парудзела і не была такой цёмна-вішнёвай, як ад пачатку, калі аўтар нацадзіў яе са сваёй жылы ў шклянку. І як жа гэтая карціна адпавядала нашым тагачасным жаданням і пачуццям! Мы былі гатовыя без роздуму і без развагаў аддаць што там шклянку — усю сваю кроў за Беларусь! Такія былі часы і такі быў Алесь Пушкін".

"Усю сваю кроў за Беларусь!" — Алесь Бяляцкі пра Алеся Пушкіна
vytoki.net
"Усю сваю кроў за Беларусь!" — Алесь Бяляцкі пра Алеся Пушкіна
Алесь Бяляцкі і Алесь Пушкін / ПЦ "Вясна"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі