Віцэ-міністр Літвы: Не важна, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце

Такое меркаванне падчас канферэнцыі “Будучая стратэгія Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі” выказаў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас.

Еўрарадыё: Зараз актыўна абмяркоўваецца пытанне: “Хто ж будзе прадстаўляць Беларусь на віленскім саміце?”. Але ці сапраўды гэта важна для Еўрасаюза?

Андрус Крывас: У тэхнічным і дыпламатычным сэнсах — гэта важныя дэталі. І зараз вядзецца іх узгадненне. Але ў прынцыпе нам хацелася б, каб асноўная ўвага факусавалася на саміце як такім: на змесце дэбатаў саміту, на палітычнай тэматыцы саміту. І ў меншай ступені — на звязаных з гэтым тэхнічных і пратакольных дэталях. Усё ж такі палітычная існасць будзе ў змесце кантактаў паміж кіраўнікамі дэлегацый, а не ў тым, хто менавіта будзе ў складзе гэтых дэлегацый.

Еўрарадыё: Пра які ўдзел у важных дэбатах беларускай дэлегацыі можна казаць, калі ўся ўвага ўдзельнікаў саміту будзе надавацца падпісанню Украінай дамовы аб асацыяцыі з ЕС і парафіраванню гэтай дамовы Малдовай і Грузіяй?

Андрус Крывас: Будуць і агульныя дэбаты, у якіх будуць браць удзел усе прадстаўленыя на саміце краіны і іх дэлегацыі. І будуць, апроч тых двухбаковых пагадненняў паміж ЕС і тымі краінамі, пра якія вы казалі, такі агульны дакумент, як агульная Дэкларацыя саміту. Змест якога фармуецца ўсімі дзяржавамі-сябрамі Еўрапейскага саюза і ўсімі краінамі-партнёрамі. Акурат зараз ідзе актыўная фаза ўзгаднення зместу гэтай Дэкларацыі ў Брусэлі, але ўсе кропкі на “і” будуць ставіць тут, у Вільні. У прыняцці і абмеркаванні гэтага дакумента ў поўнай меры будзе браць удзел і беларуская дэлегацыя.

Еўрарадыё: З аднаго боку, вы і іншыя прадстаўнікі Еўрасаюза кажыце пра неабходнасць дыялогу з беларускімі ўладамі, а з другога, і вы асабіста ў тым ліку, даволі жорстка кажыце пра неабходнасць тэрміновага вызвалення палітвязняў, пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, пра “пазіцыю крытычнага чакання”. Вам не падаецца, што такім чынам вы дражніце афіцыйны Мінск напярэдадні віленскага саміту?

Андрус Крывас: Ні ў мяне, ні ў каго іншага ў Еўрасаюзе няма такой мэты. Наадварот, мэта — наладжванне дыялогу. Але гэты дыялог павінен быць сур’ёзным і сумленным. Аднак ён не павінен ігнараваць тыя праблемы, якія існуюць у адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. І не мусіць ігнараваць таго факту, што ёсць унутраныя праблемы ў Беларусі, вырашыць якія — у магчымасцях беларускіх уладаў. А для таго, каб такія рашэнні былі прынятыя, мы і павінны з гэтымі ўладамі гаварыць. Як мы можам пазбягаць вострых тэм у дыялогу, калі мэта дыялогу — вырашэнне гэтых праблем?

Еўрарадыё: Калі да віленскага саміту на свабоду выйдуць усе палітзняволеныя — гэта павысіць узровень дыялогу з Беларуссю?

Андрус Крывас: Безумоўна. Гэта дасць нам якасна новыя ўмовы для вядзення такога дыялогу. І мы заўсёды шчыра казалі, што вырашэнне праблемы палітзняволеных не вычэрпвае ўсяго парадку дня ў галіне правоў чалавека і асноўных свабод. Але менавіта гэта праблема з’яўляецца найбольш вострай і менавіта яе вырашэнне створыць умовы ў межах раўнапраўнага, рэгулярнага, інтэнсіўнага дыялогу на ўсіх узроўнях гаварыць пра ўсе гэтыя праблемы. У тым ліку, і пра такія важныя, як свабодныя выбары, як правы меншасцяў, правы ўразлівых груп насельніцтва і гэтак далей.

Еўрарадыё: Ці не з’яўляецца тое, што кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей адмовіўся прыехаць на гэтую канферэнцыю, прыкметай таго, што афіцыйны Мінск не гатовы і не жадае такога шчырага і крытычнага дыялогу?

Андрус Крывас: Я б не ішоў так далёка ў інтэрпрэтацыях. Мы разлічвалі на тое, што сённяшняе мерапрыемства стане мерапрыемствам дыялогу, у якім бы ўдзельнічалі і прадстаўнікі афіцыйнай Беларусі. Бо іх удзел мы лічым неабходным кампанентам такога дыялогу. А без іх у нас ідзе больш размова пра іх, чым размова з імі. З іншага боку, напярэдадні саміту мы разумеем тыя абмежаванні ва ўчынках нашых беларускіх партнёраў, якія прывялі да таго, што яны вырашылі ўстрымацца ад удзелу ў сённяшнім мерапрыемстве.

Еўрарадыё: Парады і напрацоўкі ўдзельнікаў гэтай канферэнцыі будуць скарыстаныя для фармавання будучай афіцыйнай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі?

Андрус Крывас: Меркаванні і пазіцыя беларускай грамадзянскай супольнасці, палітычных партый заўсёды была вельмі важнай для Еўрасаюза — як для яго інстытутаў, так і для краін-сябраў ЕС. Яна заўсёды ўлічвалася і будзе прымацца да ўвагі. Канешне, у афармленні і прыняцці сваіх рашэнне ЕС будзе прымаць да ўвагі і іншыя фактары, што маюць значэнне. Але і гэта, і іншыя мерапрыемствы беларускай тэматыкі праводзяцца для таго, каб трымаць руку на пульсе таго, што адбываецца ў Беларусі і ў якім накірунку развіваецца палітычная думка ў Беларусі.

Еўрарадыё: Стала вядома, што са спісу неўязных у ЕС будуць выкрасленыя 13 чалавек — што гэта за людзі?

Андрус Крывас: На жаль, такіх звестак у мяне няма. Я мушу сказаць, што перагляд комплексу абмежавальных мер, якія прымяняе Еўрасаюз у дачыненні да прыватных асоб і прадпрыемстваў Беларусі, — гэта руцінная працэдура, якая адбываецца штогод. На жаль, на момант перагляду гэтых мер падчас літоўскага старшынства ў Савеце Еўрасаюза не было дастаткова крытычнай масы палітычных зменаў у Беларусі для таго, каб мы маглі ініцыяваць значны перагляд комплексу гэтых захадаў у накірунку іх змяншэння ці скарачэння. Таму гэты комплекс у значнай ступені, за выключэннем асобных момантаў, застанецца ў сіле.

Еўрарадыё: Але па якіх крытэрах людзей выдаляюць са спісу: нехта памёр, ці, да прыкладу, камандзір АМАП стаў шараговым пенсіянерам?

Андрус Крывас: Усе крытэры прымаюцца да ўвагі. Часткова гэта — выпраўленне тэхнічных памылак, калі трапляюцца людзі з аднолькавымі імёнамі і прозвішчамі і гэтак далей.

Еўрарадыё: Шмат кажуць пра неабходнасць краінам ЕС у аднабаковым парадку адмяніць ці зменшыць кошт шэнгенскіх віз для Беларусі, калі ўжо нашы ўлады не адгукаюцца на прапанову ЕС пра аблягчэнне візавага рэжыму…

Андрус Крывас: Літва традыцыйна прадстаўляе тое крыло Еўрасаюза, якое бачыць вялікую карысць у тым, каб простыя грамадзяне Беларусі мелі магчымасць свабодна наведваць ЕС. І бачылі рэальную альтэрнатыву таму ладу жыцця, які ім навязаны ўнутры краіны. Але мы звязаныя неабходнасцю шукаць па пэўных пытаннях кансенсус, па іншых — кваліфікаванай большасці, мы звязаныя рэгламентамі і дзейнічаем у гэтых межах. Шмат у якіх краін ЕС ёсць слушныя меркаванні і ўзважваюцца аргументы па міграцыйных аспектах, эканамічных. Тым не менш візавы дыялог з’яўляецца важным і эфектыўным — у асобных момантах нават больш важным, чым палітычны дыялог — інструментам уздзеяння на працэсы ўнутраных рэформ і ўнутранай дэмакратызацыі ў Беларусі. Мы і надалей будзем працаваць у гэтым накірунку. І спадзяемся, што беларускія ўлады рана ці позна ўсвядомяць неабходнасць прасоўвання ў бок аблягчэння візавага рэжыму. Усвядомяць, што гэта і ў інтарэсах самой беларускай дзяржавы, і ў інтарэсах простых грамадзян Беларусі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі