Віцэ-прэзідэнт КХЛ: Забараніць “Дынама” беларускую мову — гэта нейкі абсурд

Кантынентальная хакейная ліга нібыта забараніла мінскаму "Дынама" выкарыстоўваць беларускую мову падчас прэс-канферэнцый. Пра гэта напісаў журналіст “Прэсбола Вячаслаў Федарэнкаў.

"Фактычна забарона Масквы на выкарыстанне беларусамі беларускай мовы, — піша Федарэнкаў у выпуску “Прэсбола” за 27 лістапада. — Пачуўшы, што выступы на трэнерскіх брыфінгах гучаць на мове Купалы, ліга нечага псіханула, вынесла "зубрам" "строгае з папярэджаннем", паабяцаўшы далей караць расійскім рублём”.

Што праўда, віцэ-прэзідэнт КХЛ Уладзімір Таржкоў завярае Еўрарадыё, што ніякіх падобных указанняў не даваў, дакументаў на забарону беларускай мовы не падпісваў.

“Для таго, каб забараніць, патрэбная нейкая папера за подпісам віцэ-прэзідэнта КХЛ ці яшчэ нешта, — здзіўляецца Уладзімір Таржкоў. — А калі спасылкі на дакументы няма, то гэта, як кажуць, цёплае паветра словаў. У нас жа і харвацкі клуб “Медвешчак” гуляе, і чэхі ёсць, і фіны, і шведы… Калі чалавек не валодае мовай краіны, у якой пражывае, то ён жа размаўляе на роднай мове! Іначай быць не можа! Як ты прымусіш таго ж расіяніна размаўляць па-шведску і наадварот. Таму мне падаецца, што гэта нейкі абсурд”.

Не ведае пра такое пастанаўленне КХЛ і генеральны мэнэджар клуба “Дынама-МінскУладзімір Беражкоў.

“Магчыма, гэта нейкія размовы, чуткі, бо я не маю ніводнага дакумента пра забарону беларускай мовы, — таксама не разумее пытання Уладзімір Беражкоў. — На прэс-канферэнцыях размаўляюць і на англійскай мове, і на славацкай… Карацей, на мове носьбіта, проста, другой мовай абавязкова мусіць быць руская. Гэта адназначна, бо такі рэгламент лігі”.

Еўрарадыё ўважліва перачытала Рэгламенты КХЛ пра мову. У 50-м артыкуле “Спартовага рэгламенту КХЛ” сапраўды прапісана, што “Прэс-канферэнцыя павінна праводзіцца на рускай мове. Абавязальніцтва па забеспячэнні (у выпадку неабходнасці) перакладу на рускую мову выступаў удзельнікаў прэс-канферэнцыі ўскладаецца на Хакейныя Клубы, якія з’яўляюцца працадаўцамі гэтых удзельнікаў”.

У “Рэгламенце па камунікацыі” артыкул 6 адзначае, што “афіцыйнай мовай Чэмпіянату з’яўляецца руская мова. Замежныя Клубы Лігі абавязаныя выкарыстоўваць рускую мову падчас вядзення перапіскі з Лігай, афармлення дакументаў, падчас удзелу ў любых мерапрыемствах, якія непасрэдна звязаныя з Чэмпіянатам. Клуб, Галоўны трэнер якога не ў стане размаўляць на рускай мове на пасляматчавых прэс-канферэнцыях, абавязаны прадаставіць для яго перакладчыка”.

Гледзячы па ўсім, ніякай гаворкі пра забарону беларускай мовы не вядзецца. Проста “Дынама-Мінск” абавязваюць выконваць рэгламент і наймаць перакладчыка на рускую мову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі